шаргану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
1. Аднакр. да шоргаць.
2. Разм. Шпурнуць, кінуць, ударыць. Бойка, схапіўшы з талеркі салёны разлезлы агурок, шаргануў ім у нос сядзельцу. Колас.
шаргата́ць, ‑гачу, ‑гочаш, ‑гоча; незак.
Разм. Тое, што і шаргацець. Тым часам на полі пачалася гульня. Шаргатаў лёд. Звінелі канькі. Стукаліся клюшкі. Няхай. Цяпер на ветры шаргаталі сухім лісцем маладыя дрэўцы. Мыслівец.
шаргатлі́вы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які шаргаціць, шаргоча. Шаргатлівы ўпачатку голас пераходзіў пад канец у гулкі і разложысты посвіст. Паслядовіч.
шаргаце́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. шаргацець, а таксама гукі гэтага дзеяння. Потым чуецца слабае шаргаценне тапачак, і дзверы адчыніліся. Марціновіч. Шаргаценне цішэе, цішэе і ператвараецца ў далёкі камарыны піск. Паўлаў.
шаргаце́ць, ‑гачу, ‑гаціш, ‑гаціць; незак.
Шапацець, шамацець, шумець. Часам і ўдзень чутно было, як у садках і прысадах шаргацелі, ападаючы, сухія лісты. Кулакоўскі. Я доўга не спаў, слухаў, як шаргацела па сцяне голле бярозы, як жаласна гуў у коміне вецер і брынчалі шыбы, і думаў аб сваім гаспадару. Хомчанка.
ша́ргаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Тое, што і шоргаць. Хвіліну стаяў [Васіль], уткнуўшы кассё ў балота, няўпэўнена, гарачымі, дрыготкімі рукамі шаргаў па касе мянташкай. Мележ. [Дзяўчына] хуценька шаргае сандалямі па ржышчы і здаецца Шаманскаму зусім маленькай, быццам не ідзе, а коціцца па зямлі. Дуброўскі.
шарж, ‑у, м.
1. Сатырычная або гумарыстычная манера адлюстравання каго‑, чаго‑н., пры якой захоўваецца знешняе падабенства, але карыкатурна перабольшаны і падкрэслены найбольш характэрныя рысы. Акцёр праводзіць сваю ролю, калі можна так сказаць, «на грані». Дзесьці на самай мяжы, пераступіўшы праз якую, атрымаецца шарж, карыкатура, страціцца рэальнае. Сабалеўскі.
2. Малюнак, партрэт, выкананы ў такой манеры.
3. перан. Карыкатурнае недарэчнае падабенства каго‑, чаго‑н.
•••
Сяброўскі шарж — жартоўны, дабрадушна-гумарыстычны партрэт каго‑н.
[Фр. charge.]
шаржы́раванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. шаржыраваць.
шаржы́раваны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад шаржыраваць.
2. у знач. прым. Пададзены ў манеры шаржу. Вобраз гэты гратэскны, гранічна шаржыраваны, але тым не меней нейкай часткай душы мы нават шкадуем героя. Навуменка.
шаржы́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак., каго-што і без дап.
Апісваць, адлюстроўваць каго‑, што‑н. у манеры шаржу. Пісьменнік зусім не хоча шаржыраваць Бародку, ён хоча сам стаць у яго становішча, зразумець унутраныя спружыны яго паводзін. Кучар. Завастраючы тую ці іншую адмоўную рысу, байкапісец, аднак, не шаржыруе і не акарыкатурвае дзеючых асоб. Казека.