Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сы́рны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сыру. Сырны пах. □ З-пад расцярушаных сырных крошак можна было прачытаць на .. рубчастым беразе [талеркі] славянскія літары. Баранавых. // Прыгатаваны з сыру, з сырам. Прысеў і .. [Рыгор] і заказаў шклянку гарбаты ды пару сырных бутэрбродаў. Гартны. // Які прызначаны, служыць для вырабу сыру. Сырная маса.

сыро́ватачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сыроваткі. Сыроватачная вытворчасць. // Згатаваны з сыроваткі. Сыроватачны квас.

сыро́ватка, ‑і, ДМ ‑тцы, ж.

Вадкасць, якая атрымліваецца пры адтопліванні, адстойванні кіслага малака. [Стасечка:] — Тут з аднаго малака можна добра жыць людзям. Рабі сыры, збівай масла, а маслёнкай і сыроваткай свіней кармі. Пальчэўскі.

сыро́к 1, ‑рка, м.

1. Разм. Памянш.-ласк. да сыр.

2. Невялікі брусок плаўленага сыру ці сырковай масы ў расфасоўцы. Плаўлены сырок. □ [Галя] ж заўсёды ледзь не са слязамі ўпрошвае сына з’есці кавалачак шакаладнага сырка, які ён любіць найбольш. Радкевіч.

сыро́к 2, ‑рка, м.

Азёрна-рачная рыба сямейства ласасёвых.

сырт, ‑а, М ‑рце, м.

Назва спадзістых водападзелаў у Заволжы, а таксама высакагорных пашаў на Цянь-Шані.

[Цюрк.]

сырцо́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сырцу, з’яўляецца сырцом. Сырцовая цэгла. // Зроблены з сырцу. Сырцовай пугаю ўсё сцёбаў каня. Мурашка.

сыры́, ‑ая, ‑ое.

1. Прасякнуты, насычаны вільгаццю; вільготны. Сырыя дровы. Сырое адзенне. □ Рыдлёўка была вельмі цяжкая. Відаць, наліпла зямля, сырая, непрасохлая гліна. Лынькоў. Досвітак быў халодны, і на ўсім ляжаў сыры малочны туман. Мыслівец. // З вялікай колькасцю дажджоў, ападкаў. Стаяла восеньская сырая пара. Дарогі зрабіліся што каша. Астрэйка. // Забалочаны, з вялікай колькасцю вільгаці ў глебе. Утульней развесілі голле Яліны ў нізінах сырых. Колас. Я спыніўся ў сырым рэдкім хмызняку і прыслухаўся. Нікановіч. / У народнай паэзіі — пастаянны эпітэт да слова «зямля». Абняўся з зямлёю сырой, Упаў ён [сын], ніколі не ўстане. Бялевіч.

2. Які не варыўся, не смажыўся, не кіпяціўся і пад. (аб прадуктах харчавання). Сырое мяса. Сырая вада. □ [Мікалай] слухаў радасна і прагна, смачна ядучы халодную бульбу з сырым салам. Шамякін. / у знач. наз. сыро́е, ‑ога, н. У мяшках наша начная здабыча. Мы з ёю маглі б даўно расправіцца, але баімся многа есці сырога. С. Александровіч.

3. Недавараны, недасмажаны, недапечаны. Сыры хлеб.

4. Неканчаткова выраблены. Сырое ліццё. // перан. Не да канца апрацаваны, не адшліфаваны як след (пра літаратурны твор. мову і пад.). У «Звяздзе» .. была надрукавана мая паэмка, праўда, сырая, расцягнутая. Лужанін.

•••

З зямлёю сырою ажаніцца гл. ажаніцца.

сыры́зна, ‑ы, ж.

Разм.

1. зб. Сырая або недаспелая садавіна і гародніна. Наесціся сырызны.

2. Што‑н. сырое, вільготнае. — Хлеб падышоў, — сказала аднойчы раніцай маці, — а пячы няма на чым — на дрывотні адна сырызна. Курто. // перан. Пра што‑н., не апрацаванае як след. [Колас:] — Ну, палепшу я радок ці два, гэта ж справы не ратуе. Сырызна застаецца сырызнай, мова нячыстая, верш недасканалы. Лужанін.

сыры́ца, ‑ы, ж.

Разм. Саматужна апрацаваная скура. Конь затупаў на месцы, закруціў галавою, бразгаючы цуглямі, а як круціўся, гойдалася ў сядле шырокае аканомава цела і сядло рыпела цупкай, новай яшчэ сырыцай. Галавач.

сырэ́ц, ‑рцу, м.

1. Не да канца выраблены або не ачышчаны прадукт. Спірт-сырэц. Шоўк-сырэц.

2. Тое, што і сыравіна. [Кравец:] — Ён [сын] інжынер там, дзе жалеза з сырцу выплаўляюць. Горы там, піша, страх. Чорны.