Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

скіпе́цца, ‑піцца; зак.

Спец. Сплавіцца, злучыцца ў цвёрдую масу ад высокай тэмпературы. Скіпеліся кавалкі вугалю.

скіпе́ць, ‑піць; зак.

1. Разм. Згарэць. Скіпела селішча ў агні — і дом, і сад датла. Непачаловіч. Не стала Рудні і Кандратавіч, Датла скіпела Гарадзішча — І плакаць некаму над стратамі, Над чорным сумам папялішчаў. Гілевіч.

2. перан. Разнервавацца; абурыцца. Раман скіпеў. «Давай яшчэ адну [партыю] згуляем!» — патрабуе. Што ж, выйграў у яго Ляксей і тую. «Вожык».

•••

Скіпець на нажы — загінуць.

скірава́насць, ‑і, ж.

Накіраванасць на што‑н., засяроджанасць у чым‑н. (пра думкі і пад.). Скіраванасць творчых інтарэсаў.

скірава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад скіраваць.

скірава́цца, ‑руюся, ‑руешся, ‑руецца; зак.

1. Пайсці, рушыць куды‑н., у якім‑н. напрамку. Адзін з .. [хлопцаў] пайшоў направа, другі налева. А Тац[ц]яна скіравалася па лесвіцы ўніз. Васілёнак. У правулак скіраваўся сабака, але, зачуўшы чалавека, вільнуў назад. Навуменка. // Звярнуцца, накіравацца ў які‑н. бок (пра позірк, вочы і пад.). Усе позіркі скіраваліся на Зосю. Хомчанка.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Прыняць пэўны кірунак, павярнуцца куды‑н. — Дык куды гэта цяпер жыццё скіруецца? — хітравата спытаў Лукаш. Сабаленка. // Накіравацца на каго‑, што‑н. Калі гутарка скіравалася на сяло, Лабановіч улучыў момант, каб перавесці размову на грэблю. Колас. Абурэнне .. [Пракопа] чамусьці скіравалася не на Севу, а на Кашына старэйшага. Карпаў.

скірава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак.

1. каго-што. Накіраваць каго‑, што‑н. куды‑н., у якім‑н. напрамку. Дзед, нічога не гаворачы, скіраваў на грудок каня. Гурскі. [Салвесь] скіраваў фурманку ў лес, скінуў мяшкі з соллю, прыкрыў іх галлём, стаў масціць воз. Карпюк. Іван прыгнуўся, позіркам адмераў якую паўсотню крокаў да вострага каменнага абломка ў траве і скіраваў туды пісталет. Быкаў. // да чаго, на што і без дап. Узяць кірунак куды‑н., накіравацца ў які‑н. бок. Гнедка і цяпер скіраваў да лужка, але Сцёпка не пусціў яго. Хомчанка. Сёння зранку неба ўкрылі хмары, і Антановіч не скіраваў, як звычайна, на возера, а пайшоў з Русіновічам у бібліятэку. Дамашэвіч. Машыны скіравалі ў лес. Асіпенка. // што. Накіраваць у які‑н. бок (вочы, позірк). Марына Мікалаеўна здрыганулася, зыркія вочы да дзвярэй скіравала. Кавалёў. Віктар скіраваў позірк на неба, усміхнуўся нейкім сваім думкам. Савіцкі.

2. перан. каго-што. Даць пэўны кірунак каму‑, чаму‑н. Недзе ў сярэдзіне падрыхтаванай загадзя прамовы Вера са страхам падумала, што не ведае, куды ёй скіраваць моладзь. Асіпенка. Фільм «Міколка-паравоз» .. на матэрыяле шырокавядомай аповесці М. Лынькова скіраваў беларускае кіно да тэмы рэвалюцыі і грамадзянскай вайны на Беларусі. «Полымя». // Накіраваць на каго‑, што‑н. (размову, думкі і пад.). Скіраваць памаганні людзей на вырашэнне галоўнай задачы. □ Успамін пра Паходню скіраваў у другое рэчышча думкі Зараніка. Хадкевіч. Мы не ведалі, куды скіраваць гаворку, як раптам наш заўзяты маўчун Косцік ціхенька прамовіў: — Нешта есці дужа хочацца... Ваданосаў. // Звярнуцца да каго‑н. — Трэба нам з вамі новага брыгадзіра шукаць, — не то да ўсіх, не то да аднаго Базыля скіраваў гэтыя словы Сушчык. Дуброўскі.

3. каго. Паслаць каго‑н. куды‑н., даць прызначэнне каму‑н. Бацькі пярэчылі, рабілі ўсё, каб скіраваць дзяўчыну на якую-небудзь лягчэйшую работу, але яна пастаяла, дамаглася свайго: «Буду трактарысткай». Кухараў.

скіро́ўвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да скіравацца.

2. Зал. да скіроўваць.

скіро́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да скіраваць.

скіса́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. скісаць — скіснуць (у 1 знач.); дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. скісацца — сціснуцца.

скіса́цца, ‑аецца.

Незак. да скіснуцца.