скіраваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак.
1. каго-што. Накіраваць каго‑, што‑н. куды‑н., у якім‑н. напрамку. Дзед, нічога не гаворачы, скіраваў на грудок каня. Гурскі. [Салвесь] скіраваў фурманку ў лес, скінуў мяшкі з соллю, прыкрыў іх галлём, стаў масціць воз. Карпюк. Іван прыгнуўся, позіркам адмераў якую паўсотню крокаў да вострага каменнага абломка ў траве і скіраваў туды пісталет. Быкаў. // да чаго, на што і без дап. Узяць кірунак куды‑н., накіравацца ў які‑н. бок. Гнедка і цяпер скіраваў да лужка, але Сцёпка не пусціў яго. Хомчанка. Сёння зранку неба ўкрылі хмары, і Антановіч не скіраваў, як звычайна, на возера, а пайшоў з Русіновічам у бібліятэку. Дамашэвіч. Машыны скіравалі ў лес. Асіпенка. // што. Накіраваць у які‑н. бок (вочы, позірк). Марына Мікалаеўна здрыганулася, зыркія вочы да дзвярэй скіравала. Кавалёў. Віктар скіраваў позірк на неба, усміхнуўся нейкім сваім думкам. Савіцкі.
2. перан. каго-што. Даць пэўны кірунак каму‑, чаму‑н. Недзе ў сярэдзіне падрыхтаванай загадзя прамовы Вера са страхам падумала, што не ведае, куды ёй скіраваць моладзь. Асіпенка. Фільм «Міколка-паравоз» .. на матэрыяле шырокавядомай аповесці М. Лынькова скіраваў беларускае кіно да тэмы рэвалюцыі і грамадзянскай вайны на Беларусі. «Полымя». // Накіраваць на каго‑, што‑н. (размову, думкі і пад.). Скіраваць памаганні людзей на вырашэнне галоўнай задачы. ▪ Успамін пра Паходню скіраваў у другое рэчышча думкі Зараніка. Хадкевіч. Мы не ведалі, куды скіраваць гаворку, як раптам наш заўзяты маўчун Косцік ціхенька прамовіў: — Нешта есці дужа хочацца... Ваданосаў. // Звярнуцца да каго‑н. — Трэба нам з вамі новага брыгадзіра шукаць, — не то да ўсіх, не то да аднаго Базыля скіраваў гэтыя словы Сушчык. Дуброўскі.
3. каго. Паслаць каго‑н. куды‑н., даць прызначэнне каму‑н. Бацькі пярэчылі, рабілі ўсё, каб скіраваць дзяўчыну на якую-небудзь лягчэйшую работу, але яна пастаяла, дамаглася свайго: «Буду трактарысткай». Кухараў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)