Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

раўне́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. раўняць, раўняцца.

раўні́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць раўнівага.

раўні́вец, ‑ніўца, м.

Разм. Раўнівы чалавек. І разумею я раўніўца, Што ўспыхваў, нібыта агонь, З-за ўсмешкі юнай чараўніцы, Што бліскала не для яго. Лойка.

раўні́віца, ‑ы, ж.

Жан. да раўнівец.

раўні́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Схільны да рэўнасці; ахоплены рэўнасцю, недавер’ем. Сустрэчы з Васілём і чакала [Ганна] і баялася: ведала, які раўнівы, асабліва да Яўхіма. Мележ. // Які выяўляе рэўнасць. Раўнівы погляд.

2. Выкліканы рэўнасцю, недавер’ем. У Леаніда ўзнікла раўнівае падазрэнне — а можа.. [Аля] ужо астыла да яго, можа гэтае спатканне ўжо не ў радасць? Мележ. На хвіліну ў .. сэрцы [Гелены] абудзілася раўнівая жаночая злосць, але яна адразу справілася. Караткевіч. // Напоўнены зайздрасцю, выкліканы бояззю перавагі каго‑н. над сабой. За ім ішлі старыя касцы, і на іх тварах Андрэй прачытаў раўнівае жаданне не адстаць ад яго. Дуброўскі.

раўні́на, ‑ы, ж.

Роўная, без гор, вялікіх узгоркаў і значных паніжэнняў зямная паверхня. З раўніны рускай цераз Беларусь Ідзе Дняпро да мора, да Украіны. Зарыцкі. На сотні вёрст перада мной Кавыльная раўніна. Танк. Расступіліся бярозы, і перад вачыма распасцерлася шэра-зялёная раўніна. Шашкоў. // Пра водную паверхню вялікіх памераў. Азёрная раўніна.

раўніна́, ‑ы, ж.

Роўнае месца, роўнядзь. Поле сонцам скрозь заліта, — Шырыня, раўніна! Колас. // чаго або якая. Роўная паверхня чаго‑н. [Якуб] не раз абводзіў вачыма раўніну Жагулавага поля. Крапіва.

раўні́ннасць, ‑і, ж.

Уласцівасць раўніннага; наяўнасць вялікай колькасці раўнін. Раўніннасць краіны.

раўні́нны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да раўніны, уласцівы ёй. Раўнінныя рэкі. Раўнінны клімат. □ Наташа прыехала на Каўказ з далёкага раўніннага краю. Каваль. Ранняе расістае сонца асвяціла нам раўніннае, ніколі намі не бачанае, поле, акаймаванае густым цёмным колам лесу. Пестрак.

раўну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Аднакр. да раўці.

раўну́ючы,

1. Дзеепрысл. незак. ад раўнаваць.

2. (з адмоўем) у знач. пабочн. Надае значэнне прабачэння за грубае параўнанне, змякчае сэнс параўнання. Мазалі на руках зажылі скора, не раўнуючы, як на сабаку. Чарнышэвіч. — Панове! — імкнуўся прымірыць Лытка. — Чаго вы так усхадзіліся? Не раўнуючы, як куры на седале. Гурскі.