ра́нне, ‑я, н.
Тое, што і раніца. Ад рання да вечара. □ [Лізавета:] — Я ўчора, пакуль машыну злавіла, выстаяла па шашы цэлае ранне. Чорны. Сонца толькі што ўзышло.. З усіх комінаў белыя слупы дыму валяць. Ранне марознае, празрыстае. Машара.
ранне... (а таксама рання...).
Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «ранні» (у 2 знач.), напрыклад: раннестаражытны, раннефеадальны.
ра́нні, ‑яя, ‑яе.
1. Які мае адносіны да рання; ранішні. Узлескам ранняю парою. Туды, дзе хтось траву касіў, На луг стары, да вадапою Усёй сям’ёй ідуць ласі. Прыходзька. У аўтобусе ў ранні час было цеснавата, ехала многа людзей на першую змену. Кулакоўскі. Шыбы акон ружавелі раннім світаннем. Лынькоў. Хутка накінуўшы Белы халат, [Лена] Распачынае свой ранні прыём. Броўка.
2. Які з’яўляецца самай першай, пачатковай парой якога‑н. часу. Ранні вечар. Ранняе дзяцінства. □ З самай ранняй вясны гаманлівыя гракі працавіта расцягвалі мачалістыя валокны [кары] на свае грачыныя гнёзды. Лынькоў. // Які з’яўляецца пачаткам пэўнага працэсу, першай стадыяй развіцця. Ранняе сярэдневякоўе. Ранні рамантызм. // Першы па часе. Ранні госць. □ — Самы ранні ты, Петрусёк, — ласкава сказала .. [школьная старожка], разагнуўшы спіну. Якімовіч. Паўтарэнне купалаўскіх матываў знаходзіў у ранніх вершах Міхася. Васілька Валянцін Таўлай. Бугаёў. Пралескі ранняй чысты цюбік Вазьмі, як лекі, патрымай. Голуб.
3. Які наступае раней, чым звычайна (пра поры года, час сутак і пад.). Ранняя зіма. □ Вясна тым годам была ранняя і цёплая. Кавалёў. // Які адбываецца, праходзіць, з’яўляецца раней, чым звычайна. Ранняя сяўба. Ранняя жаніцьба. Ранняя смерць. □ [Аржанец:] — Усё жыццё ты будзеш рад за сваю раннюю сталасць, за сваю салдацкую маладосць. Брыль. // Які рана вырастае, становіцца спелым. Ранняя гародніна. Раннія яблыкі.
•••
Абагнаць раннюю расу гл. абагнаць.
Малады, ды ранні гл. малады.
Ранняя птушка гл. птушка.
рання... (гл. ранне...).
Першая састаўная частка складаных слоў; ужываецца замест «ранне...», калі націск у другой частцы падае на першы склад, напрыклад: ранняспелы.
ранняспе́лы, ‑ая, ‑ае.
Які рана дае спелыя плады; які рана спее. Ранняспелая капуста. Ранняспелыя памідоры.
рант, ‑а, М ‑нце, м.
Вузкая палоска скуры па краях абутку, да якой прышываюцца адначасова падэшва і верх абутку. Прынесла маці .. [боцікі] увечары з мястэчка — чорненькія, бліскучыя, з чырвонымі падэшвамі .. І абцасы, і ранты блішчаць, б[ы] насмолены!.. Брыль.
[Ням. Rand.]
ра́нтавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае рант. Рантавы абутак.
ра́нцавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да ранца.
ранцье́, нескл., м.
У буржуазным грамадстве — той, хто жыве на працэнты з аддадзенага ў пазыку капіталу, з даходаў ад акцый, аблігацый і пад.
[Фр. rentier.]
ра́нча, нескл., н.
1. Сядзіба ў краінах Лацінскай Амерыкі.
2. Ферма, звычайна жывёлагадоўчая, у ЗША.
[Ісп. rancho.]