Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

по́дпірка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Абл. Падпора, падпорка. Нявестка прывядзе нейкага хваста, а можа і два. Вось і подпірка ў гаспадарцы. Крапіва.

по́дпіс, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. падпісваць — падпісаць (у 1 знач.).

2. Прозвішча, напісанае ўласнаручна пад якім‑н. тэкстам, малюнкам, карцінай і пад. для пацвярджэння свайго аўтарства або згоды з чым‑н. Гэта была... заява. Кароткая. «... Прашу прыняць мяне і ўвесь мой інвентар у калгас». Тады — подпіс: «Ждановіч Міхаіл Селівестравіч». Брыль. Паставіўшы подпіс і дату, Алік прачытаў напісанае ўсё з пачатку. Кулакоўскі. Размашысты подпіс гаварыў пра тое, што чалавек з упэўненасцю сведчыў складзеную для яго па ўсёй форме паперу. Асіпенка.

3. Надпіс над чым‑н., пад чым‑н. [Чыкуноў:] — Прыйдзецца і схему [канструкцыі] перачарціць, і подпіс зрабіць іншы. Васілёнак. У думках [Рыгор] перагарнуў старонкі падручніка, усплыў у памяці і малюнак з подпісам. Б. Стральцоў.

по́дплетка, ‑ткі, ДМ ‑тцы; ж. Р мн. ‑так;

Абл. Шыла для падплятання лапцей. Прыпякло — стары расшпіліў на сабе чорную картовую сарочку і зноў стаў калупаць подплеткай лапаць... Капыловіч.

по́дпуск, ‑у, м.

Рыбалоўная снасць у выглядзе тонкай вяроўкі з кручкамі і грузілам, якая апускаецца пад лёд.

по́дсвіст, ‑у, М ‑сце, м.

Свіст, які суправаджае танец, спеў, ігру і пад. Ліха рэзаў гармонік, екатаў бубен, з подсвістам, з прыпеўкамі таптала .. пыл развясёлае войска. М. Стральцоў. З ложка чулася адно мірнае, з тонкім .. подсвістам храпенне. Мележ.

по́дскакам, прысл.

Разм. Падскокваючы (бегчы, перамяшчацца). Дзяўчынка не стала чакаць, пакуль адыдзе аўтобус — пабегла подскакам, на адной назе, далей. Сачанка.

по́дслух, ‑у, м.

Абл. Падслухванне. Цімоха агортвае страх: А што, калі стане вядома, Як потайкам ён па начах Выходзіць на подслухі з дому? Колас.

по́дступ, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. падступаць — падступіць і падступацца — падступіцца (у 1 знач.).

2. звычайна мн. (по́дступы, ‑аў). Месца, шлях для падыходу, прыбліжэння да чаго‑н. Дзесьці на подступах да станцыі раздаўся далёкі яшчэ гудок цягніка. Лынькоў. Подступы да Мінска немцы ахоўвалі пільна. Новікаў. З гэтага месца добра праглядаліся ўсе подступы да шалаша. Гурскі.

по́дсціл, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. падсцілаць — падаслаць ​2.

2. Тое, што падаслана, падкладзена пад што‑н. Бетон згружалі на дашчаны подсціл. Хадкевіч. [Гарвась] скалупвае дзеркачом гразь з падэшваў ботаў, доўга трэ іх аб яловы подсціл і ўзнімаецца на прыступкі. Хадановіч. // Салома, сухое лісце і пад., якімі падсцілаюць жывёлу. — Саломы? — перапытала .. [Калініха]. — Паўтара цэнтнера! Ну малайчына, сынок! Подсцілу няма, парсюкі і карова хутка ў гнаі будуць плаваць. Чарнышэвіч. Пахла завялая свірэпка на дварах, яе прыносілі ад праполатых палёў на подсціл жывёле. Лупсякоў.

3. Пласт апалых лісцяў, хвоі і пад., якія пакрываюць зямлю ў лесе. Над намі зялёныя кроны высокіх дрэў, пад намі — цёплы мох і подсціл з хваінак і лісця. Гарбук.

по́дсцілка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

Тое, што і подсціл (у 2, 3 знач.). Ляжаў .. [жарэбчык] каля ясляў на мяккай саламянай подсцілцы і здзіўлена разглядаў навакольны свет. Якімовіч.