неўнікнёнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць неўнікнёнага. Ленін быў перакананы ў поўнай магчымасці і неўнікнёнасці краху самаўладства. «Полымя».
неўнікнёны, ‑ая, ‑ае.
Якога нельга ўнікнуць; непазбежны. Гром грымеў... Неўнікнёны свой лёс Сустракаў недабіты вораг. Дзяргай.
неўпапа́д, прысл.
Недарэчы, не да месца. Многія словы былі сказаны неўпапад, але рухі яе [дзяўчынкі] рук дапамаглі нам зразумець усё. Няхай. — [Максім] так паглыбіўся ў роздум, што часам неўпапад адказваў на пытанні. Машара.
неўпарадкава́насць, ‑і, ж.
Уласцівасць і стан неўпарадкаванага. Сацыяльная неўпарадкаванасць. Неўпарадкаванасць расходавання сродкаў.
неўпарадкава́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Не прыведзены ў парадак; пазбаўлены парадку. Неўпарадкаваныя цэны. Неўпарадкаваны чамадан. □ З буфеціка-шафкі выглядала неўпарадкаваная пасуда. Гартны.
2. Не забяспечаны ўсім неабходным; неўладкаваны. Неўпарадкаваны быт. Неўпарадкаванае жыццё.
3. Не прыведзены ў парадак для выгоднага жыцця. Неўпарадкаваны раён горада. □ Да.. [гарадка] не так даўно яшчэ і дабрацца было цяжка: чыгунка далёка, дарогі неўпарадкаваныя. Хадкевіч.
неўправаро́т, прысл.
Разм. Вельмі многа, у вельмі вялікай колькасці. [Старшыня калгаса:] — Такую сям’ю грэх было б адпускаць з калгаса. У нас работы пеўправарот... Чарнышэвіч.
неўпрыкме́т, прысл.
Разм. Тое, што і непрыкметна (у 1 знач.). [Пятрусь і Амелька].. пацалаваліся, як родныя, і Амелька неўпрыкмет выцер рукавом набегшую слязу. Краўчанка. Час ляцеў неўпрыкмет — набліжалася мая станцыя. Савіцкі. Лес неўпрыкмет гусцеў — пачалі пракідацца бярозы, сосны, ясені... Сачанка.
неўпрыця́м, прысл.
Разм.
1. Непрыкметна; неўзаметку. З сарамлівай дзяўчынкі.., невясёлае маленства якой ахоўвалі партызанскія заставы, пасля перамогі зусім неяк неўпрыцям вырасла Люда. Брыль. Ужо на світанні.. [Іван] не ўтрымаўся і неўпрыцям задрамаў, уткнуўшы твар у калені. Быкаў.
2. Няўцям, не прыйшло ў галаву. — А ты любіш чытаць? — пытаецца майстар .. Яму, відаць, зусім неўпрыцям, што гэтым пытаннем, ён закрануў найбольш жывое месца ў душы свайго памочніка. Брыль.
неўра...
Першая састаўная частка складаных слоў, якая паказвае на сувязь якіх‑н. прадметаў, з’яў з нервовай сістэмай, напрыклад: неўрабіялогія, неўрапатолаг, неўрастэнічны.
[Ад грэч. neuron — валакно, нерв.]