Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

непадро́бленасць, ‑і, ж.

Уласцівасць непадробленага.

непадро́блены, ‑ая, ‑ае.

1. Сапраўдны. Непадробленыя дакументы.

2. Шчыры, непрытворны; натуральны. Вера падсела бліжэй да.. [Стасі] і прашаптала з непадробленай ласкай і болем: — Я так шкадую яго... Зарэцкі.

непадро́бны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і непадроблены (у 2 знач.). Маці, маці! Я люблю цябе чыстай душой сваёй. Я прысягаю табе ў непадробнай сваёй шчырасці. Ермаловіч. «Дрыгва» — высокапаэтычны твор, прасякнуты непадробным духам народнасці. Навуменка.

непадрыхтава́насць, ‑і, ж.

Уласцівасць і стан непадрыхтаванага; адсутнасць падрыхтоўкі.

непадрыхтава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не мае неабходнай. падрыхтоўкі, не атрымаў падрыхтоўкі. Васіль Якімчук па-ранейшаму прыходзіў на ўрокі непадрыхтаваным. Кавалёў.

2. Не гатовы, не прыгодны для чаго‑н. Непадрыхтаванае выступленне.

непадсту́пнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць непадступнага.

непадсту́пны, ‑ая, ‑ае.

Такі, да якога нельга звярнуцца з просьбай, пытаннем; ганарысты, фанабэрысты. Звонку гэта быў чалавек грозны і непадступны. Лупсякоў. // Які ўласцівы такому чалавеку. У важкім, як бы непадступным Васілёвым позірку спадылба.. Шабета ўлавіў штосьці нядобрае, звераватае. Мележ.

непадсу́днасць, ‑і, ж.

Права не падлягаць суду данага судовага органа.

непадсу́дны, ‑ая, ‑ае.

Які не падлягае суду данага судовага органа, данай судовай інстанцыі. Непадсудныя справы.

непадула́дны, ‑ая, ‑ае.

Які не знаходзіцца пад уладай, уплывам каго‑, чаго‑н. За дваццаць пяць гадоў многае забылася, але ў памяці засталіся дэталі, непадуладныя часу. Дзенісевіч. Нават у сабе самім Міця адчувае цёмную, непадуладную свядомасці сілу. Навуменка.