ненасе́ленасць, ‑і, ж.
Уласцівасць і стан ненаселенага.
ненасы́тны, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, якога цяжка накарміць; пражэрлівы. Ненасытны звер.
2. перан. Які не можа здаволіцца дасягнутым, тым, што мае; прагны. Я быў ненасытны ў сваёй творчасці і захапляўся адначасова стварэннем у адной п’есе некалькіх характараў, не падобных адзін на аднаго і процілеглых адзін аднаму. Сяргейчык. Багацелі год ад году Ненасытныя паны, Бо схавалі ад народа Шчасце з Праўдаю яны. Грахоўскі.
ненато́льны, ‑ая, ‑ае.
Такі, што цяжка наталіць. Ненатольная прага.
ненатура́льнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць ненатуральнага; штучнасць. Ненатуральнасць позы. Ненатуральнасць паводзін.
ненатура́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Не прыроднага паходжання; штучны. Ненатуральны шоўк.
2. Такі, якога не бывае ў прыродзе, які выходзіць за межы звычайнага. З-за лесу падымалася і расплывалася па небе ненатуральная чырвань. Шамякін. Здаюцца ненатуральнымі пры чорных бровах высока ўзбітыя белыя валасы. Навуменка.
3. Фальшывы, штучны; няшчыры. Як бы хочучы пацвердзіць свае апошнія словы,.. [Юркевіч] рассыпаўся дробным ненатуральным рогатам. Мурашка.
ненаўмы́сля, прысл.
Разм. Тое, што і ненаўмысна. — Я ненаўмысля, татачка, спаліў стажок! — сказаў Цімошка і горка заплакаў. Колас.
ненаўмы́сна, прысл.
Разм. Без намеру, несвядома, ненарокам. І ён [Яўген] выйшаў, ненаўмысна бразнуўшы моцна дзвяр[мі]. Баранавых.
ненаўмы́снасць, ‑і, ж.
Уласцівасць ненаўмыснага.