неміласэ́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Далёкі ад міласэрнасці; бязлітасны, суровы. Неміласэрны чалавек. // Які вырашае неміласэрнасць. Неміласэрны позірк.
2. перан. Вельмі моцны, незвычайны. Неміласэрны холад. □ Гарачыня неміласэрная; куды ні зірні — усё жоўтае, выпаленае сонцам. Чарнышэвіч.
неміну́часць, ‑і, ж.
Уласцівасць немінучага; непазбежнасць. Аўгіня спакойна, як чалавек, упэўнены ў немінучасці ліха, гадала, з якога боку і з якой сілай наваліцца на яе гэта ліха. Колас. У немінучасці.. змен ужо ніхто не сумняваўся, і спрачаліся толькі аб тым, калі і якія яны будуць. Караткевіч.
неміну́чы, ‑ая, ‑ае.
Такі, якога нельга мінуць; непазбежны. Сутычка была немінучая, тым болей, што насарогі заўсёды ахвотнікі пабіцца. Маўр. Яго выносіў з пекла конь Ад смерці немінучай. Бялевіч.
не́мка 1,
гл. немцы.
не́мка 2, ‑і, ДМ ‑мцы; Р мн. ‑мак; ж.
Разм. Нямая жанчына.
немнагалю́дны, ‑ая, ‑ае.
З малой колькасцю людзей. Немнагалюдны сход.
немнагасло́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. Які перадаецца невялікай колькасцю слоў; лаканічны. — Зняць, абшукаць! — пачулася немнагаслоўная каманда. Лынькоў.
2. Які лаканічна выказвае свае думкі. Звычайна немнагаслоўны, прафесар на гэты раз разгаварыўся. Шахавец. Лёгка і проста было з ёю размаўляць, такім прыемным, мілым субяседнікам была гэтая немнагаслоўная жанчына. «Звязда».
немудраге́лісты, ‑ая, ‑ае.
Разм. Самы звычайны, просты; прымітыўны, нескладаны. Вясёлы ідзе сёння Антон у сталярню, дзе ў збітым з дошак будане стаяць іхнія немудрагелістыя варштаты. Пальчэўскі. Праз паўгода Арцём ужо спрытна кідаў пальцамі па гузіках інструмента.., выводзячы немудрагелістыя мелодыі полек і вальсаў. Пянкрат.
немудра́шчы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Тое, што і немудрагелісты. Лёгка мы пагрузілі ўсю немудрашчую гаспадарку — ложак, стол, шафу, усякую драбязу. Скрыган. Увесь полк палюбіў Мішку за яго вясёлы нораў, за вялікі спрыт і ўсякае ўмельства ў немудрашчых справах мядзведжых. Лынькоў.
немузыка́льны, ‑ая, ‑ае.
Які не мае музыкальных здольнасцей, музыкальнага слыху.
не́мцы, ‑аў; адз. немец, ‑мца, м.; немка, ‑і, ДМ ‑мцы; мн. немкі, ‑мак; ж.
Народ, які складае асноўнае насельніцтва Германіі.