Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

нектарано́сны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да раслін, што выдзяляюць нектар (цукрысты сок).

нектарано́сы, ‑аў; адз. нектаранос, ‑а, м.

Кветкавыя расліны, што выдзяляюць нектар (цукрысты сок), які збіраюць пчолы.

некта́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Птушка атрада вераб’іных, якая корміцца насякомымі і салодкім сокам кветак (нектарам).

некта́рнік, ‑а, м.

Спец. Залозка секрэцыі ў кветках вышэйшых раслін, якая выдзяляе цукрысты сок — нектар.

некта́рны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да нектару, уласцівы яму. Нектарны сок. Нектарны пах.

некто́н, ‑а, м.

Спец. Сукупнасць водных жывёл (кіты, дэльфіны, рыбы і пад.), якія здольны да самастойнага перамяшчэння на значную адлегласць у адкрытых частках вадаёмаў.

[Ад грэч. nēktós — плаваючы.]

не́куды, прысл.

1. Кудысьці, невядома куды. Некуды ж вось ідзе гэтая вузкая лясная дарожка. Брыль. [Вісарыёна] моцна ўдарылі па галаве, схапілі за рукі, некуды пацягнулі. Самуйлёнак. Паравоз, пыхкаючы і набіраючы хуткасць, паімчаўся некуды ўдалячынь. Шчарбатаў.

2. Няма такога месца, куды б можна было адправіцца, змясціць каго‑, што‑н. Без вестак ад цябе — нам некуды ісці. Глебка.

•••

Далей (ехаць, ісці) некуды — горш таго, што ёсць, быць не можа.

Дзець некуды гл. дзець.

Некуды вачэй дзець гл. дзець.

некульту́рнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць некультурнага, нізкі ўзровень культуры; бескультурнасць. Як чалавек адукаваны, асістэнт не можа спакойна глядзець на тую некультурнасць і неахайнасць, што б’е ў вочы на кожным кроку. Колас.

некульту́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца на нізкім узроўні культуры, адсталы.

2. Які не мае культурных звычак; грубы. Некультурны чалавек. // Які не адпавядае правілам паводзін культурных людзей. Некультурныя звычкі.

3. Спец. Які не разводзіцца чалавекам; дзікі, не акультураны чалавекам (аб раслінах).

некурэ́ц, ‑рца, м.

Чалавек, які не курыць.