небяспе́ка, ‑і, ДМ ‑пецы, ж.
Стан, становішча, якое пагражае каму‑н., можа прычыніць няшчасце, зло, шкоду. Утрымліваць пераправу далей, падводзячы саміх сябе пад небяспеку поўнага акружэння, — не мела ніякага сэнсу. Брыль. Многія таварышы, якім пагражала небяспека арышту, перабраліся ў партызанскія атрады. Новікаў.
небяспе́чна,
1. Прысл. да небяспечны.
2. у знач. вык. Звязана з небяспекай; цягне за сабой якую‑н. небяспеку. Хадзіць тут у такую ноч небяспечна. Галавач. Бегчы далей, відаць па ўсім, было небяспечна, — можна з галавою праваліцца ў багну. Пальчэўскі.
небяспе́чнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць небяспечнага. Дзяўчына не разгубілася, хоць і ўсведамляла ўсю небяспечнасць свайго стану. Дуброўскі.
небяспе́чны, ‑ая, ‑ае.
Які пагражае небяспекай, можа прычыніць няшчасце, зло, шкоду. Становішча для рэспублікі стваралася небяспечнае, прыходзілася прымаць надзвычайныя меры. Колас. [Крушынскі:] — Я занядужаў яшчэ раней за вас і мая хвароба больш небяспечная за вашу. Бядуля. // Звязаны з небяспекай, рызыкай. Саша ахвотна згадзілася ехаць у горад, хоць ведала, што паездка небяспечная. Шамякін.
небясшко́дны, ‑ая, ‑ае.
Які наносіць некаторую шкоду; даволі шкодны. Небясшкодная работа. Небясшкодныя напіткі.