кісля́вы, ‑ая, ‑ае.
Разм. З кіслатой, кіслінкай; кіславаты.
кісля́к, ‑а, м.
Разм. пагард. Вялы, нудны чалавек.
кісля́ціна, ‑ы, ж.
Разм.
1. Што‑н. вельмі кіслае. Грыша.. механічна сарваў яблык — невялікі яшчэ, з напарстак — і стаў мужна жаваць кісляціну. Місько.
2. перан. Пра вялага, нуднага чалавека.
кі́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. кіс, кісла і кіснуў, кіснула; незак.
1. Рабіцца кіслым, псавацца ад браджэння. Малако кісне. Віно кісне.
2. Разм. Мокнуць, набухаць ад вільгаці; раскісаць. У гушчары, у ямінах-лужынах кісне снег, вада пеніцца, як саладуха. Пташнікаў. Вельмі ж бязлітаснай выглядае прырода, калі прымушае мокрых ад балота людзей кіснуць яшчэ і пад дажджамі. Кулакоўскі.
3. перан. Разм. Весці аднастайнае бяздзейнае жыццё. Годзе кіснуць, марнець, Песні смутныя пець. Купала. // Сумаваць, нудзіцца. [Марфа] не кісла, якім бы горкім бокам не паварочвалася да яе жыццё, і другім не давала кіснуць. Васілевіч.
•••
Кіснуць ад смеху — нястрымна нясцішана смяяцца.
кіста́, ‑ы́, ДМ ‑сце́, ж.
Полая пухліна, напоўненая вадкай масай.
[Ад грэч. kýstis — пузыр.]
кі́сцевы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да кісці (у 1 знач.). Кісцевы сустаў.
кісце́нь, ‑цяня, м.
Даўнейшыя зброя ў выглядзе кароткай палкі, на адным канцы якой падвешваўся металічны шар для нанясення ўдараў, а на другім была пятля для надзявання на руку. Ударыць кісцянём. □ Запясце Корчака абвіваў рэмень кісцяня. Кісцень пагойдваўся. Калючы сталёвы шар, падобны на шышку дурнап’яну. Караткевіч.
[Цюрк. кістāн.]
кісць, ‑і; Р мн. ‑ей і ‑яў; ж.
Частка рукі, якая складаецца з запясця, пясця і пальцаў.
кісялёвы, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і кісельны. Кісялёвая яда — да парогу хада. Прыказка.