Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

знеслаўля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да зняславіць.

зне́сці 1, знясу, знясеш, знясе; пр. знёс, знесла і знясла, знесла і знясло; зак., каго-што.

1. Прынесці з розных месц у адно, сабраць у адно месца (усё, многае). Знесці каменне з поля ў кучу. □ Хлопцы сёння ўсе свае пакункі Знеслі да варожае чыгункі. Астрэйка. Чые рукі з мазалямі Тут зняслі свае дары? Колас. Не паспелі за дзень мы асіліць Копы знесці, Злажыць у стагі. Непачаловіч.

2. Несучы, спусціць, даставіць уніз. Шустрыя, маладыя хлопцы-шафёры хутка знеслі мяхі ў млын, падалі накладныя. Асіпенка.

3. Сарваўшы, збіўшы з якога‑н. месца, перамясціць або знішчыць (пра ваду, вецер і пад.). Самой пераправы ўжо няма, яе знесла вясной паводка. Толькі з берага засталіся ў вадзе тоўстыя сасновыя палі. Сяркоў. / у безас. ужыв. Мост знясло вадой. □ Лодку нашу заліло вадой амаль да краёў, можна было не баяцца, што яе знясе. Кірэенка.

4. Разбурыўшы, разабраўшы, зняць з якой‑н. паверхні (звычайна пра пабудову). Знесці хутары. □ [Янка] загадаў свайму памочніку знесці мост. Якімовіч.

5. Перапісаць уніз. Знесці лічбу.

6. Пайшоўшы, узяць з сабой што‑н.; забраць, украсці. Ворчык знік. І агонь пад сасной Гасне, намі забыты. Не знаходжу ватоўкі сваёй — Знёс Мікіта. Куляшоў. Урэшце рэшт няхай сабе Апанас і ўцёк з дзетдома, няхай сабе знёс вопратку. Але ж напісаць пісьмо, выслаць грошы — на гэта не кожны здольны. Нядзведскі.

7. перан. Сцярпець, перанесці. Дзед Талаш моўчкі знёс гэту абразу і крыўду. Колас. Міхал — шляхціц, хоць і заняпалы; яму не знесці сораму. Гарэцкі.

•••

Знесці галаву — тое, што і зняць галаву (гл. зняць).

зне́сці 2, знясе; пр. знесла і знясла.

Зак. да несці ​2.

зне́сціся 1, знясецца; пр. знеслася і зняслася.

Зак. да несціся ​2.

зне́сціся 2, знясуся, знясешся, знясецца; пр. знёсся, знеслася і зняслася, знеслася і зняслося; зак.

Разм. Устанавіць цесныя сувязі, зносіны з кім‑н.; звязацца. Знесціся з паўстанцамі.

зне́шнасць, ‑і, ж.

Вонкавы, знешні выгляд. Яшчэ і яшчэ раз апісалі знешнасць Іваноўскага: невысокі, з казлінай бародкай. Новікаў.

зне́шне, прысл.

Вонкава, па знешняму выгляду. Знешне .. [фон Адлер] нагадваў арла: высокі, з гарбатым носам, чорнымі драпежнымі вачамі, дужы і рухавы. Шамякін. Знешне хата падобна да хаты: І вуглы ў ёй і вокны. Непачаловіч.

знешнегандлёвы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да знешняга гандлю. Знешнегандлёвыя сувязі.

знешнепаліты́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да знешняй палітыкі. Знешнепалітычны курс.

знешнеэканамі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да эканамічных сувязей (дзяржавы) з замежнымі краінамі. Знешнежанамічная палітыка.

зне́шні, ‑яя, ‑яе.

1. Які знаходзіцца, размяшчаецца звонку, за межамі чаго‑н.; проціл. унутраны (у 1 знач.). Знешняе асяроддзе. □ Знешнія шыбы пакрыты тоўстым пластом шызага інею. Шамякін. // Які дзейнічае звонку. Знешнія ўплывы. // Звернуты вонкі; вонкавы. Свайму знешняму выгляду рэдактар надаваў не малое значэнне. Колас.

2. Які праяўляецца толькі са знешняга боку, не закранаючы асновы, сутнасці чаго‑н. Знешнія змены. Знешні спакой. □ Можа, пры ўсёй сваёй знешняй няўклюднасці — сухасці, строгасці, рэзкасці — Леўкін у душы ўсё ж някепскі чалавек? Дадзіёмаў. // перан. Паказны, паверхневы, пазбаўлены глыбіні. Савецкага чалавека не можа асляпіць знешні бляск. «ЛіМ».

3. Які адносіцца да зносін з замежнымі дзяржавамі; проціл. унутраны (у 4 знач.). Знешні гандаль. Знешняя палітыка. // Які існуе, дзейнічае за межамі данай дзяржавы; замежны. Знешнія і ўнутраныя цэны. Знешнія і ўнутраныя ворагі.