знесці 1, знясу, знясеш, знясе; пр. знёс, знесла і знясла, знесла і знясло; зак., каго-што.

1. Прынесці з розных месц у адно, сабраць у адно месца (усё, многае). Знесці каменне з поля ў кучу. ▪ Хлопцы сёння ўсе свае пакункі Знеслі да варожае чыгункі. Астрэйка. Чые рукі з мазалямі Тут зняслі свае дары? Колас. Не паспелі за дзень мы асіліць Копы знесці, Злажыць у стагі. Непачаловіч.

2. Несучы, спусціць, даставіць уніз. Шустрыя, маладыя хлопцы-шафёры хутка знеслі мяхі ў млын, падалі накладныя. Асіпенка.

3. Сарваўшы, збіўшы з якога‑н. месца, перамясціць або знішчыць (пра ваду, вецер і пад.). Самой пераправы ўжо няма, яе знесла вясной паводка. Толькі з берага засталіся ў вадзе тоўстыя сасновыя палі. Сяркоў. / у безас. ужыв. Мост знясло вадой. ▪ Лодку нашу заліло вадой амаль да краёў, можна было не баяцца, што яе знясе. Кірэенка.

4. Разбурыўшы, разабраўшы, зняць з якой‑н. паверхні (звычайна пра пабудову). Знесці хутары. ▪ [Янка] загадаў свайму памочніку знесці мост. Якімовіч.

5. Перапісаць уніз. Знесці лічбу.

6. Пайшоўшы, узяць з сабой што‑н.; забраць, украсці. Ворчык знік. І агонь пад сасной Гасне, намі забыты. Не знаходжу ватоўкі сваёй — Знёс Мікіта. Куляшоў. Урэшце рэшт няхай сабе Апанас і ўцёк з дзетдома, няхай сабе знёс вопратку. Але ж напісаць пісьмо, выслаць грошы — на гэта не кожны здольны. Нядзведскі.

7. перан. Сцярпець, перанесці. Дзед Талаш моўчкі знёс гэту абразу і крыўду. Колас. Міхал — шляхціц, хоць і заняпалы; яму не знесці сораму. Гарэцкі.

•••

Знесці галаву — тое, што і зняць галаву (гл. зняць).

знесці 2, знясе; пр. знесла і знясла.

Зак. да несці 2.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)