гадзяня́ і гадзянё, ‑няці; мн. ‑няты, ‑нят; н.
Малая гадзюка. // Разм. Ужываецца як слова лаянкі ў дачыненні да дзіцяці, маладога чалавека. «От, гадзяня, няма на цябе кала!» — думаў [Глушак] пра Дзятліка. Мележ.
га́дка,
1. Прысл. да гадкі.
2. безас. у знач. вык., каму. Блага, агідна, прыкра. Гадка з’есці і шкада кінуць. Прымаўка.
га́дкі, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Вельмі непрыемны (з выгляду, на смак і пад.); прыкры, брыдкі. Гадкае стварэнне. Гадкі сон. Гадкае надвор’е.
2. Агідны, подлы, варты пагарды, ганьбавання. Гадкі чалавек. Гадкі ўчынак. □ — Я, Цімох, не буду апраўдвацца: я ўзяўся за гадкую, паскудную справу. Мяне нанялі войт і яго сябры, каб я стаў фальшывым партызанам і даносіў ім на вас. Колас.
гадлі́васць, ‑і, ж.
Пачуццё агіды, грэблівасці. Ганарлівыя, самазадаволеныя гітлераўцы выклікалі ў .. [Гудовіча] агіду, гадлівасць, неадступнае жаданне знішчаць іх, як смярдзючых смертаносных казявак. Пятніцкі.
гадлі́вы, ‑ая, ‑ае.
Які не можа цярпець, не пераносіць гадкага; брыдлівы, грэблівы. Гадлівы чалавек. // Поўны агіды, грэблівасці. [Гунава] з гадлівай грымасай пацёр руку аб палу фрэнча. Пляма не сыходзіла. Самуйлёнак.
гадо́к, ‑дка, м.
Памянш.-ласк. да год (у 1 знач.).
гадо́ўля, ‑і, ж.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. гадаваць.
гадуне́ц, ‑нца; м.
Разм. Тое, што і гадаванец. На заработкі [Сымоніха] рэдка ходзіць: часу няма, трэба гадунца даглядаць. Бядуля.