разві́нчаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад развінціць.
2. у знач. прым. Разм. Пазбаўлены душэўнай раўнавагі, маральна і фізічна знясілены. Развінчаныя нервы.
3. у знач. прым. Разм. Няцвёрды, віхлясты, расслаблены (пра хаду, рухі, жэсты і пад.). Гуляе ў скверы абармот Развінчанай паходкай. Звонак.
разві́нчванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. развінчваць — развінціць.
разві́нчвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да развінціцца.
2. Зал. да развінчваць.
разві́нчваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да развінціць.
разві́слы, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і развесісты. Раман Шулядзяк толькі што адпрог з плуга каня і пусціў яго папасвіцца ў маладым дубняку над ярам, а сам разлёгся пад ценем развіслага дуба. Колас.
развіта́льны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да развітання; звязаны з развітаннем. Развітальныя словы. □ Андрэй узышоў на сярэднюю гару і спыніўся, развітальным поглядам абводзячы дарагія прасторы зямлі. Колас. Сярожу і Стася пахавалі ў той вёсцы, дзе была першая брыгадная застава, і ротай далі развітальны салют. Брыль. Час раз’ездаў настаў... Што ні вечар даўжэй Развітальныя вальсы, што вечар цішэй Развітальныя шэпты засмучаных пар. Куляшоў. // Наладжаны з прычыны развітання, ад’езду каго‑н. Развітальны вечар. □ Перад ад’ездам спецыяльна для .. [хлопцаў] Зіновій Цімафеевіч напаліў лазню, а Паліна Антонаўка прыгатавала развітальную вячэру. Нядзведскі.
•••
Развітальны акорд гл. акорд.
развіта́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. развітацца; апошняе спатканне перад расстаннем. Пісар Васількевіч, адсунуўшы край фіранкі, потайкам пазіраў са свайго пакоя на развітанне сяброў. Колас. Развітанне з маці, смутак па братах жыва адгукаліся ў сэрцы. Сіняўскі. // Расстанне з памёршым. Стаялі доўга, ахопленыя адвечным жаданнем жывых — падоўжыць хвіліны апошняга развітання з блізкім чалавекам. Шамякін. // Словы, якія гаворацца пры расстанні. — Бывайце здаровы, — кінуў .. [аканом] ужо з каламажкі ў бок да Мікіты, які стаяў на вуліцы. Мікіта збянтэжыўся.. Заняты здагадкамі, ён не адразу адказаў на аканомава развітанне. Галавач.
•••
На развітанне — перад расстаннем, расстаючыся.
разві́тасць, ‑і, ж.
Уласцівасць развітога. Развітасць прамысловасць Развітасць густаў. □ Здольнасць дасягнуць псіхалагічнай глыбіні і паўнаты ў абмалёўцы характараў — адзнака мастацкай развітасці і спеласці таленту. Каваленка.
развіта́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак., з кім-чым і без дап.
Абмяняцца развітальнымі словамі, націснуць адзін другому рукі і пад. пры расставанні. Не даходзячы трохі да сяла, прыяцелі развіталіся. Колас. Андрэй, Плаха і Габрусь развіталіся з усімі за рукі, падзякавалі гаспадыні за пачостку і выйшлі з хаты. Гартны. // перан. Расстацца з чым‑н., пакінуць што‑н. надоўга, назаўсёды. Хоць даўно развітаўся са службай марской і ў цывільным хаджу гарнітуры, — горад мой! — уяўляю цябе я парой караблём, што адольвае буры. А. Вольскі. [Лейтэнант:] — Вось каб усе так дзейнічалі, з парушэннямі можна было б развітацца. Корбан.
•••
Развітацца з жыццём (з белым светам) — памерці.
разві́твацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да развітацца.