рацінава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; зак. і незак., што.
Спец. Завіць (завіваць) ворс на шарсцяной тканіне.
[Ад фр. ratiner.]
раці́навы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да раціну. // Пашыты з раціну. Рацінавае паліто.
рацпрапано́ва, ‑ы, ж.
Рацыяналізатарская прапанова. Начальнік усміхнуўся, нічога не адказаў — мусіць, быў задаволены вынаходствам, бо вечарам падпісаў ліст на выплату ганарару за рацпрапанову. Мыслівец.
рацыён, ‑у, м.
Норма харчовага забеспячэння для людзей і корму для жывёл. Сутачны рацыён. Уключыць у рацыён. □ [Зося:] — Кармавы рацыён мы разам з заатэхнікам складаеш у залежнасці ад узросту, вагі і прадукцыйнасці каровы. Стаховіч. [Лукаш:] — Цяпер саўгас, усё ўзята пад строгі ўлік. Фуражыр адважыць табе па рацыёну, і ні фунта лішняга. Ермаловіч.
[Ад лац. ratio, rationis — мера, разлік.]
ра́цыя 1, ‑і, ж.
Радыёстанцыя, звычайна перастаўная ці пераносная. Камбрыг Ермакоў звязаўся са штабам па рацыі, адтуль перадалі, што там усе гэтыя дні таксама ідуць безупынныя. Мележ.
[Скарачэнне, утворанае з пачатку і канца слоў радыё і станцыя.]
ра́цыя 2, ‑і, ж.
Падстава, сэнс, аснова. [Следчы:] — Пан Галезнік, мы ўсё ведаем, вам няма рацыі гуляць з намі ў хованкі. Сабаленка. [Мікола:] — Ці ж нам рацыя згадзіцца сваю Зосю за.. [Рыгора] аддаваць? Гартны. Распытваць у каго-небудзь пра машыну не было ніякай рацыі. Мы ж не ведалі ніводнай яе прыкметы. Лынькоў. // Слушнасць. Пасля некаторай дыскусіі, разваг і меркаванняў я прызнаў рацыю Яўмена Іванавіча. Ермаловіч.
•••
Мець рацыю гл. мець.
рацыяналізава́цца, ‑зу́ецца; незак.
Зал. да рацыяналізаваць.
рацыяналізава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., што.
Зрабіць (рабіць) рацыяналізацыю чаго‑н. Рацыяналізаваць працу.
рацыяналіза́тар, ‑а, м.
Той, хто займаецца рацыяналізацыяй вытворчасці, вытворчых працэсаў.
рацыяналіза́тарскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да рацыяналізатара, рацыяналізацыі. Рацыяналізатарскія прапановы. Рацыяналізатарскія мерапрыемствы.
рацыяналіза́тарства, ‑а, н.
Дзейнасць рацыяналізатара, рацыяналізатараў. Развіццё масавага рабочага рацыяналізатарства.