Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

серабры́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Пра тое, што колерам нагадвае серабро. У.. [Грыбаўца] ўжо дзе-нідзе пракінуліся серабрынкі на скронях. Пестрак. / у перан. ужыв. З глыбінных крыніц народнага жыцця Р. Барадулін шаноўна чэрпае жывінкі, тыя крышталёвыя серабрынкі, якія так абпраменьваюць ягоныя творы. Бялевіч.

серабры́стасць, ‑і, ж.

Уласцівасць серабрыстага. Серабрыстасць ракі. Серабрыстасць сняжынак.

серабры́сты, ‑ая, ‑ае.

1. Які колерам і бляскам нагадвае серабро. Серабрысты іней. □ Вярнуўся з космасу Гагарын на серабрыстым караблі. Машара. Каля самага берага б’е з-пад зямлі крыніца з серабрыстай сцюдзёнай вадой. В. Вольскі. Вялізны саган, пабліскваючы серабрыстай луской, пляснуўся ў кош. Асіпенка. // З сівымі валасамі, з сівізной. [Якім] трохі згорбіўся, аброс густой серабрыстай шчацінай. Нікановіч.

2. перан. Меладычна-звонкі, высокага тону (пра смех, голас і пад.). Хай звініць серабрыстым смехам Залатога маленства пара. Глебка. Серабрыстую песню сваю разліў высока ў сіне-сінім паветры жаўранак. Мурашка.

3. Як складаная частка некаторых батанічных і заалагічных назваў. Серабрыстая таполя. Серабрыстая ліса. Серабрысты трус.

серабры́цца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; незак.

1. Рабіцца серабрыстым, набываць серабрысты колер, бляск. Дзьмуў лёгкі ветрык, рабацела рака, а калі выглядала сонца з-за хмар, вада серабрылася. Гурскі. // Выдзяляцца сваім серабрыстым колерам, бляскам, віднецца (пра што‑н. серабрыстае). На аддаленых вяршынях серабрацца воблакі. Бядуля. Усё дно ракі серабрыцца на сонцы, зіхаціць, усланае маляўкай... Краўчанка. // Сівець; зіхацець сівізной. На скронях ужо серабрыліся валасінкі і паглыбіліся зморшчкі ля вачэй, якія, як і раней, захавалі свой сталёвы колер і сваю напорыстасць. Пестрак.

2. Зал. да серабрыць.

серабры́ць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак., што.

1. Пакрываць тонкім слоем серабра. Серабрыць лыжкі.

2. Рабіць серабрыстым, надаваць чаму‑н. серабрысты колер, бляск. Месяц серабрыў хвалі, на якіх пагойдваліся бярвенні, — па рацэ сплаўлялі лес. Даніленка. Прамоўца паварочваецца да тых, якія стаяць у парозе, аконнае святло падае яму на шчаку і серабрыць скроню. Дуброўскі.

серабрэ́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. серабрыць (у 1 знач.).

серавадаро́д, ‑у, М ‑дзе, м.

Злучэнне серы з вадародам — газ, які ўтвараецца пры гніенні бялковых рэчываў і мае рэзкі непрыемны пах тухлых яец.

серавадаро́дны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да серавадароду, які ўтрымлівае ў сабе серавадарод. Серавадародная крыніца. Серавадародныя вапны.

серавугляро́д, ‑у, М ‑дзе, м.

Злучэнне серы з вугляродам — бясколерная, лёгкая на загаранне ядавітая вадкасць з непрыемным пахам.

серавугляро́дны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да серавугляроду.