Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

раскудла́ціць, ‑лачу, ‑лаціш, ‑лаціць; заг. раскудлач; зак., каго-што.

Разм. Растрапаць; збіць у кудлы (валасы, прычоску). [Юльян:] — Маці! Хуценька распранайся, раскудлач валасы ды кладзіся ў пасцель! Новікаў. // Прывесці ў беспарадак, зрабіць кудлатым. Вецер ужо раскудлаціў на .. [стрэхах] пачарнелую салому. Хадкевіч.

раскудла́чаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад раскудлаціць, раскудлачыць.

2. у знач. прым. Ускалмачаны, кудлаты (пра валасы). З-пад плашч-палатак, як куля, вылецеў Колька Казак з раскудлачанымі валасамі і чырвонай шчакой. Карпюк. [Андрэй] праводзіць пяцярнёй па валасах і напускае на лоб раскудлачаную чупрыну. Мехаў. // З ускалмачанымі, кудлатымі валасамі. [Міхаль], відаць, нядаўна прачнуўся, бо сядзеў на нарах раскудлачаны, пануры і злосны. Чарнышэвіч. // З няроўнымі, рванымі краямі. Нудна шапацела сухая асака, нібы серп аб серп скрыгатала чаратовае лісце, па небе вецер гнаў раскудлачаныя хмары. Грахоўскі.

раскудла́чванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. раскудлачваць — раскудлаціць, раскудлачыць.

раскудла́чвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да раскудлаціцца, раскудлачыцца.

раскудла́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да раскудлаціць, раскудлачыць.

раскудла́чыцца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак.

Разм. Тое, што і раскудлаціцца. У Сідара — гаспадара хаты — дробненькі і плюгавы твар зусім ужо счырванеў, пругкія, ак дрот, віхрастыя і рыжыя валасы раскудлачыліся і рассыпаліся ва ўсе бакі. Чорны.

раскудла́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., каго-што.

Разм. Тое, што і раскудлаціць. Чапцоў зняў фуражку, раскудлачыў пасівелыя валасы. Мележ. Узнеслі дзіця наверх, аж пад дах, раскудлачылі трохі сена, выскублі ямачку і паклалі Валю. Ус.

раскукава́цца, ‑кукуецца; зак.

Пачаць доўга і моцна кукаваць.

раскула́чаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад раскулачыць.

раскула́чванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. раскулачваць — раскулачыць.