Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пераважа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Мець перавагу ў чым‑н.; займаць пануючае становішча. Як ні многа стралялі, як ні многа было вакол свінцу, сталі і пораху, але пах лісця пераважаў, нішто не магло заглушыць гэтага цёплага, прэлага водару вільготнай асенняй зямлі. Шамякін. Тут пераважаюць сосны, але густа расце і ядловец, і маладыя дудкі, і арэшнік. В. Вольскі. У дарэвалюцыйнай беларускай літаратуры пераважала паэзія і драматургія. Пшыркоў.

пераважа́ючы,

1. ‑ая, ‑ае. Дзеепрым. незал. цяпер. ад пераважаць.

2. ‑ая, ‑ае; у знач. прым. Найбольш пашыраны, распаўсюджаны; асноўны, пануючы. Пераважаючым у беларускай арфаграфіі з’яўляецца фанетычны прынцып пісьма. Юргелевіч. Крытычны рэалізм заваёўваў пазіцыі пераважаючага напрамку ў літаратуры. Казека.

3. Дзеепрысл. незак. ад пераважаць.

перава́жванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. пераважваць — пераважыць (у 1, 2 знач.).

перава́жвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да пераважыцца.

2. Зал. да пераважваць.

перава́жваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да пераважыць.

перава́жна, прысл.

Галоўным чынам, у большасці. Усю працу каля дому і ў хаце вяла пераважна маці. Глебка. Лес быў пераважна хваёвы — сасна, елка, піхта. Шамякін.

перава́жнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць пераважнага.

перава́жны, ‑ая, ‑ае.

Найбольш пашыраны, распаўсюджаны; пераважаючы. Пераважная частка дыверсій [на чыгунцы] — справа рук партызан. Лынькоў. Пераважная большасць пабудоў зроблена з мясцовых карэльскіх матэрыялаў. Галавач.

перава́жыцца, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; зак.

1. Узважыцца нанава, яшчэ раз.

2. Тое, што і перавесіцца.

перава́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., каго-што.

1. Узважыць усё, многае або ўсіх, многіх. Пераважыць усе мяшкі з мукой. Пераважыць увесь насенны фонд.

2. Узважыць яшчэ раз. Пераважыць груз перад здачай.

3. Перасягнуць у вазе.

4. перан. Атрымаць перавагу, аказацца больш значным, важкім; перасіліць. Дапытлівасць пераважыла страх.