раўнава́жны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да раўнавагі, знаходзіцца ў раўнавазе (у 1 знач.). Раўнаважнае становішча цела.
раўнава́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. раўнаваць 1.
раўнава́цца, ‑нуюся, ‑нуешся, ‑нуецца; незак.
1. Быць ці лічыць сябе роўным з кім‑н. [Мікалай:] — А хто з нас лепшы, ён ці я? Ці можна яму са мной раўнавацца? Я — каваль, у мяне як ні круці, то паўвалока зямлі, а ў яго толькі чвэрць.. Ды і так — і па сіле, і па ўсім ... Чарнышэвіч. Не табе, старой, сягоння раўнавацца з намі, Ты сваё ўжо адрабіла, Справімся і самі. Русак.
2. Зал. да раўнаваць 1.
раўнава́ць 1, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; незак.
1. што. Рабіць роўным, гладкім, прамым; выраўноўваць. Некалькі чалавек ачышчалі месца пад забудову — секлі кусты і раўнавалі грунт. Чорны. Хлопцы лёталі на веласіпедах, ганялі футбол, а я сядзеў і раўнаваў іржавыя цвікі ды складаў дошкі. Савіцкі.
2. каго-што. Лічыць роўным, аднолькавым у якіх‑н. адносінах. Пры ацэнцы ведаў нельга ўсіх раўнаваць.
раўнава́ць 2, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; незак., каго і без дап.
Адчуваць, выказваць рэўнасць. Сцяпан успомніў, як у восьмым класе закахаўся ў Кацю Васільчыкаву, жвавую, тоненькую дзяўчынку са светлымі косамі, і як смешна раўнаваў яе да свайго школьнага сябра Уладзіка, разважлівага і не па гадах сталага хлопца. М. Стральцоў. Ганне ўспомнілася, як хмурна глядзеў Васіль на яе зімою.. Як раўнаваў, дзівак, да Карча! Мележ.
раўнадзе́йны, ‑ая, ‑ае.
Які аказвае такое самае, аднолькавае з чым‑н. дзеянне. Раўнадзейная сіла. // у знач. наз. раўнадзе́йная, ‑ай, ж. У фізіцы — сіла, якая аказвае на цела механічнае дзеянне, роўнае дзеянню некалькіх сіл.
раўнадзе́нства, ‑а, н.
Час, які бывае двойчы ў год, калі працягласць дня і ночы аднолькавыя. Вясенняе і асенняе раўнадзенства.
раўнаду́шнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць раўнадушнага; абыякавыя, безудзельныя адносіны да каго‑, чаго‑н. Чырвань заліла твар Ларысы: ёй зрабілася сорамна за сваю настаўніцу, за яе раўнадушнасць. «Звязда».
раўнаду́шнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Выказваць раўнадушнасць.
раўнаду́шны, ‑ая, ‑ае.
Абыякавы да навакольнага, да таго, што адбываецца. Ні ён сам пра сябе, ні другія пра яго не маглі і не могуць сказаць, што чалавек ён абыякавы, марудны, раўнадушны. Бялевіч. Кастусь гарэў сам справаю паўстання і не мысліў сабе раўнадушнымі сваіх падначаленых. Якімовіч. // Які не выказвае цікавасці, пачуцця любві да каго‑н. // Які выяўляе раўнадушнасць. Раўнадушны погляд. Раўнадушны тон.
раўнаду́шша, ‑а, н.
Абыякавыя, безудзельныя адносіны да каго‑, чаго‑н.; абыякавасць. «Трэба жыць, — падумаў [Лагацкі], трэба смялей і весялей жыць: пазбыцца раўнадушша, чэрствасці, замкнутасці ў сабе...» М. Стральцоў. Даглядчык з .. [Нічыпара] выйшаў дрэнны, і не так па гультайству, як па абыякавасці, раўнадушшы. Кулакоўскі.