Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ратаўні́чы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і ратавальны.

ратацы́зм, ‑у, м.

Спец. Картавасць, няправільнасць у вымаўленні гука «р».

[Ад грэч. rhō — назва літары «р».]

ратацы́йны, ‑ая, ‑ае.

Заснаваны на прынцыпе кручэння асобных дэталей. Ратацыйны рухавік. Ратацыйная машына.

•••

Ратацыйная матыка гл. матыка.

рата́цыя, ‑і, ж.

1. Ратацыйная друкарская машына.

2. Спец. Перыяд часу, на працягу якога ўсе палі якой‑н. гаспадаркі павінны быць заняты культурамі ў адпаведнасці з севазваротам.

[Ад лац. rotatio — вярчэнне.]

ра́тман, ‑а, м.

Гіст. Член органа гарадскога ўпраўлення (магістрата, ратушы) у Расіі ў 18–19 стст.

[Ням. Ratmann.]

ра́тнік, ‑а, м.

1. Уст. і высок. Воін, баец. Ратнікаў першай Айчыннай вайны Халодным жвірам акрыла поўнач. Барадулін. Ля рычагоў кіравання, ля кулямётаў сядзяць выпрабаваныя ратнікі. За першы ваенны тыдзень яны вынеслі на сваіх плячах столькі жахаў ваеннага пекла! Беразняк.

2. Гіст. Салдат, радавы дзяржаўнага апалчэння ў дарэвалюцыйнай Расіі. Барадатыя ратнікі апалчэння засумавалі па дому, па дзецях і рады былі бавіцца з хлапчукамі. Хведаровіч.

ра́тны, ‑ая, ‑ае.

Уст. і высок. Ваенны, баявы. Пра камандзіра групы дыверсантаў-разведчыкаў, пра яго ратныя справы расказвалі незвычайныя гісторыі. Сіняўскі. Ратны подзвіг героя ўмацоўвае .. волю [жывых] да працоўных подзвігаў на славу радзімы. Бярозкін. Вышэй ратнага подзвігу ставіць паэт [М. Багдановіч] подзвіг маці. Лойка.

рато́нда, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Круглая пабудова (будынак, павільён, зала), звычайна акружаная калонамі і ўпрыгожаная купалам. Над абрывам узвышаецца каля прыстані каменная белая вежа — альтанка ў выглядзе ратонды. В. Вольскі.

2. Верхняе жаночае цёплае адзенне ў выглядзе доўгай накідкі без рукавоў, распаўсюджанае ў канцы 19 — пачатку 20 стст. Аксамітная ратонда.

[Ад лац. rotundus — круглы.]

рату́нак, ‑нку, м.

1. Тое, што і ратаванне. Рух гэты .. [Міхалковіча] падобен на тое, быццам ён кінуўся на свой ці на чый ратунак. Чорны.

2. Магчымасць, сродак выратавацца, пазбавіцца ад чаго‑н. (небяспечнага, непрыемнага). І няма такой злыбеды на свеце, на якую б не ўсміхнуўся неспадзеўны, нечаканы ратунак. Гарэцкі. Гэта быў слабы, але радасны крык чалавека, які пасля смяртэльнай небяспекі ўбачыў ратунак. Шамякін. Казінае малако лічылася найлепшым ратункам ад сухотаў, ад усякай знямогі, кашлю, болю ў грудзях. Кулакоўскі.

3. Дапамога, абарона, выручка. Прасіць ратунку. □ З трахомаю, з праказаю Калекі ўсе ідуць. Ускраіны паказваюць Вялікую бяду. Пара ратунак даць ім, Пара іх выручаць! Панчанка.

•••

Ратунку няма гл. няма.

ра́туша, ‑ы, ж.

1. Орган самакіравання ў гарадах феадальнай Заходняй Еўропы, а таксама будынак, дзе ён размяшчаўся. З мноства будынкаў вылучаецца сваёй архітэктурай ратуша: з чырвонай цэглы, з высокай строгай вежаю, над якой блішчыць купал з трыма залатымі каронамі. Мележ.

2. Орган гарадскога самакіравання ў Расіі ў 18 — пачатку 19 ст., а таксама будынак, дзе ён размяшчаўся.

[Польск. ratusz.]