развіва́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да развіцца.
2. Адбывацца, працякаць. Сусветны камуністычны рух нашай эпохі паспяхова развіваецца, пераадольваючы цяжкасці і перашкоды на сваім шляху. «Полымя».
развіва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да развіць.
развідне́цца, ‑еецца; безас. зак.
Тое, што і развіднець. Нарэшце ранічкаю, калі не зусім яшчэ развіднелася, Саўка асмеліўся зайсці ў Цімохаў двор. Колас.
развідне́ць, ‑ее; безас. зак.
Пра наступленне віднаты, дзённага святла. Як толькі развіднела, я быў на нагах. Сачанка. На ўсходзе крыху развіднела. Зоркі на небе зніклі. В. Вольскі.
разві́лак, ‑лку, м.
Разм. Тое, што і развілка. На развілку дарог Сымон спыніў каня. Лупсякоў.
разві́ліна, ‑ы, ж.
1. Раздвоены ствол, сук і пад., а таксама месца, дзе пачынаецца раздваенне. Развіліны рог. □ Вось і той стары каржакаваты дуб. Стаіць ён з тым жа комам снегу, заціснутым між развілін. Колас.
2. Месца разыходжання (звычайна надвае) дарогі і пад. Для свайго майстравання дзед выбраў месца ў развіліне рэчкі і ручайка, дзе было намыта многа дробнага белаватага пяску. Рылько.