Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

перабудава́цца, ‑дуюся, ‑дуешся, ‑дуецца; зак.

1. Пабудавацца іначай, нанава або ў іншым месцы.

2. Змяніцца карэнным чынам; перастроіцца. За пасляваенныя гады сельская гаспадарка паспела перабудавацца.

перабудава́ць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; зак., што.

1. Унесці змены ў будову чаго‑н., пабудаваць іначай. Перабудаваць прадпрыемства. □ Неўзабаве зноў прыехаў малады цясляр. — Трэба, — кажа, — дом нанава перабудаваць. Іначай нічога не будзе. Якімовіч.

2. Унесці змены ў сістэму, арганізацыю, парадак чаго‑н. Перабудаваць працу школы. Перабудаваць кіраўніцтва прамысловасцю. Перабудаваць лекцыю. □ [Пауль] прачытаў гэтыя словы па-руску, пераклаў на нямецкую мову, перабудаваў нямецкі сказ так, каб ён гучаў найбольш прыгожа. Шамякін. // Змяніць карэнным чынам. Перабудаваць свет. Перабудаваць жыццё.

перабудзі́ць, ‑буджу, ‑будзіш, ‑будзіць; зак., каго.

Разбудзіць усіх, многіх.

перабудо́ва, ‑ы, ж.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. перабудоўваць — перабудаваць.

перабудо́ўванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. перабудоўваць — перабудаваць.

перабудо́ўвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да перабудавацца.

2. Зал. да перабудоўваць.

перабудо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да перабудаваць.

перабыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак. і незак.

1. зак. Тое, што і перабыць (у 2 знач.). Можна сказаць, усе тут [ля кузні] перабывалі за гэтыя дні. Чорны. — Шмат кніг у руках перабывала. Хто з паэтаў стаў мне бліжэй, не ведаю. Калачынскі.

2. Незак. да перабыць (у 1 знач.).

перабы́ты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад перабыць (у 1 знач.).

перабы́ць, ‑буду, ‑будзеш, ‑будзе; зак.

Разм.

1. што і без дап. Пражыць нейкім чынам, перачакаць нейкі час, да якой‑н. пары. Перабыць ноч у знаёмых. □ [Шашура] перабыў зіму, а ўвесну з сваімі памочнікамі.. са зброяй накіраваўся ў лес. Мележ. Да раніцы студэнтам дазволілі перабыць у вагонах. Карпаў. Не ўрадзіў мак — перабудзем і так. Прыказка.

2. Пабываць у розны час у каго‑н., дзе‑н., наведаць каго‑, што‑н. — пра ўсіх, многіх. Бадай што ўсе перабылі ў нас, не зайшла толькі Аксеня. Лупсякоў. Такія госці тут не ў навіну: іх перабыло ўжо немаведама колькі. Новікаў. // Пабываць у каго‑н. у руках, трапіць пад чыё‑н. падпарадкаванне ў розны час. Шмат у яго [Максімавых] руках перабыло трохрадак. Куляшоў.