Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

разве́сіцца, ‑сіцца; зак.

Шырока, у розныя бакі раскінуцца (пра дрэвы, кусты).

разве́сіць, ‑вешу, ‑весіш, ‑весіць; зак., што.

1. Павесіць у розных месцах (некалькі, шмат прадметаў). На сценах развесіў [агітатар] плакаты аб рабоце жывёлаводаў. Шчарбатаў. Убілі ў зямлю некалькі калоў, развесілі на іх вопратку. Лупсякоў.

2. Расцягнуўшы, расправіўшы, павесіць. Развесіць коўдру. □ Намыліць кашулю не было чым, і .. [Люба] доўга церла яе рукамі. Развесіла сушыць на біле ложка вобмацкам — агню не было. Чорны.

3. Шырока, у розныя бакі раскінуць (голле). Утульней развесілі голле Яліны ў нізінах сырых. Колас.

•••

Развесіць (распусціць) вушы (іран.) — слухаць даверліва, з цікаўнасцю.

Развесіць губы (іран.) — быць безуважным, пасіўнічаць.

разве́сці, ‑вяду, ‑вядзеш, ‑вядзе; ‑вядзём, ‑ведзяце; пр. развёў, ‑вяла, ‑ло; зак., каго-што.

1. Адвесці кожнага на сваё месца. [Мар’я:] — Усіх [дзяцей] ужо развяла па людзях, адзін вось застаўся, меншанькі самы. Шамякін. Брыгадзір развёў [студэнтаў] па хатах. «Работніца і сялянка». // Расставіць па пастах. Развесці вартавых.

2. Разняць, аддзяліць адно ад другога. — Во гэтакі ахапак вяргінь ды руж прынесла, — солтыс развёў рукі і паказаў, які вялікі пук прынесла Ліпачка. Сабаленка. А Рэкс і зубоў не расшчапіў. Ледзьве .. яму вінтоўкаю развялі. Жук. // Адвесці ў розныя бакі часткі чаго‑н., рассунуць, расставіць што‑н. злучанае, самкнутае. Развесці мост. □ І, сеўшы на пень пад зялёнай бярозай, задорна развёў баяніст свой баян. Машара. // Спец. Адагнуць зубы адзін за адным управа і ўлева (пра пілу). // перан. Разлучыць каго‑н., аддаліць аднаго ад другога. Ты была маёй першай каханай, Толькі лёс навекі нас развёў. Ставер. — Сёння ты прынёс порхаўку замест чалавечага носа, а заўтра прыедзеш без нармальнай сківіцы. Сорак два няшчасці! Я вашу .. кампанію хутка развяду. Паслядовіч. // перан. Рассеяць, развеяць, ліквідаваць (бяду, гора і пад.). Каб знала Яніна — устала б, Ляцела к яму, як магла, Да любага сэрца прыпала б І ласкаю гнеў развяла. Чэрня. Чужую бяду рукамі развяду. Прымаўка.

3. Скасаваць чый‑н. шлюб. — Дык скажыце вы мне, Хіба гэта мужчына?! Я прашу нас развесці, Так жыць немагчыма. Кляўко.

4. Апусціўшы ў ваду або іншую вадкасць, распусціць, растварыць; зрабіць раствор. Развесці чарнільны парашок. □ Гэтыя куханы Гінка пякла хто ведае з якой мукі.. Пасыпаны яны былі но цукрам, а папырсканы салодкай вадой, у якой Гінка, напэўна, развяла драбок сахарыну. Корбан. // Дабавіўшы вады або іншай вадкасці, зрабіць слабейшым раствор чаго‑н.; разбавіць. Развесці спірт. Развесці воцат.

5. Вырасціць або выгадаваць у значнай або вялікай колькасці. Развесці карпаў. Развесці кветкі. □ — Думаем на будучы год вінаградную лазу развесці... Пянкрат. — Калі пашанцуе, то і з адной калодкі можна развесці пчолкі, — гаварыў Сёмка. Колас. // Пакласці пачатак якой‑н. справе па вырошчванню, гадоўлі чаго‑н. Развесці кветнік. □ Перасадзіў [садоўнік] з панскага гадавальніка перарослыя дзічкі — прышчэпліваць іх давялося ўжо вышэй галавы, — развёў і свой гадавальнік. Кірэйчык. // Даць распладзіцца, размножыцца чаму‑н. у выніку бяздзейнасці, неахайнасці і пад. — Бадай ты спрогся, стары пень! — лаяліся мужыкі: гэта ж .. [Анісім] расплодзіць такога бруду, што і не акараскацца — заразу развядзе. Колас. — Тваіх спраў, якія ты развёў тут, я прымаць не буду. Будзеш справаздачу даваць у другім месцы, — не гледзячы ў яго бок, адказаў Лазняк. Дуброўскі.

6. Разбараніць каго‑н. Імкліва падышоў [Рыгор] да рабят, якія ўсё пагражалі адзін аднаму, і, узяўшы іх за каўняры, развёў у бакі. Ваданосаў.

7. Распаліць, раскласці (агонь, вогнішча). Пасля дня блукання сышліся [паляўнічыя] ужо ля дамоўкі, развялі касцёр. Ракітны.

8. Разм. У спалучэнні з абстрактным назоўнікам азначае: пачаць рабіць тое, аб чым гаворыцца ў назоўніку. Развесці плёткі. □ — Каб хто толькі ведаў, якую .. [Наўмыснік] развёў дзейнасць. Грамовіч.

•••

Развесці рукі (рукамі) — рухам рук выказаць цяжкасць, безвыходнасць становішча, бяссілле ў вырашэнні якой‑н. справы.

разве́сціся, ‑вядуся, ‑вядзешся, ‑вядзецца; ‑вядзёмся, ‑ведзяцеся; пр. развёўся, ‑вялася, ‑лося; зак.

1. з кім і без дап. Скасаваць шлюб. [Максім Сцяпанавіч] знаў, што .. [Вера Антонаўка] з год як развялася з архітэктарам Юркевічам і жыве ў Маскве з сынам. Карпаў.

2. Напладзіцца ў вялікай колькасці. — Колькі тут за вайну развялося ўсялякай дзічы! Гурскі. [Ціток:] — У адным месцы, кажуць, так развялося гэтых мышэй, што яны лаваю пайшлі на горад. Лобан. // Разм. Узнікнуць, з’явіцца ў вялікай колькасці. [Сцёпка:] — Яшчэ трэба сказаць табе, што паэтаў цяпер развялося, як камароў у балоце. Колас. Развялося шмат цяпер машын, — Аж да бурапеннага Байкала Паляцеў на самалёце сын. Кусянкоў.

3. Паддацца развядзенню, утварыць раствор. Сінька добра развялася.

развесялі́цца, ‑весялюся, ‑вяселішся, ‑вяселіцца; ‑вяселімся, ‑вяселіцеся; зак.

Прыйсці ў вясёлы настрой, стаць вясёлым. За чаркай моцнай анісаўкі.. [войт] трошкі палагаднеў і нават развесяліўся. Бажко.

развесялі́ць, ‑весялю, ‑вяселіш, ‑вяселіць; ‑вяселім, ‑вяселіце; зак., каго-што.

Прывесці ў вясёлы настрой. Развесяліць кампанію. □ Гэты дзядзька ўмеў стаць на роўную нагу з Панасам, умеў сказаць трапны жарт і развесяліць хлопца. Колас.

развесяля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да развесяліць.

разве́шаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад развесіць, развешаць.

разве́шаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Павесіць у розных месцах. Развешаць партрэты.

разве́шванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. развешваць — развесіць.