Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

кішэ́нь і кішэ́ня, ‑і, ж.

1. Частка адзення (штаноў, паліто, пінжака) у форме прышытага або ўшытага мяшочка для дробных рэчаў і грошай. Бакавая кішэнь. Нагрудная кішэнь. □ Кавалёва задумалася, дастала з кішэні паліто некалькі зярнят грэчкі і, разглядаючы, перагортвала іх на далоні. Дуброўскі.

2. перан. Разм. Дабрабыт, багацце, грошы. Проста дзіва, як «клапоцяцца» рускія міністры аб кішэні [паноў] фабрыкантаў! Ленін. Буш быў сам не свой: яго кішэні пагражала сур’ёзная небяспека. Маўр.

3. Асобнае аддзяленне ў партфелі, чамадане і пад.

4. Спец. Пра паглыбленне, выемку ў чым‑н. Кішэнь раны. Кішэнь тоўстай кішкі.

•••

Біць па кішэні гл. біць.

Вецер гуляе ў кішэні гл. вецер.

За словам (па слова) у кішэнь не лазіць гл. лазіць.

Класці (сабе) у кішэню гл. класці.

Набіць кішэнь гл. набіць.

Не па кішэні каму — занадта дорага для каго‑н.

Пустыя кішэні ў каго — пра беднага чалавека.

Тоўстыя кішэні ў каго — пра багатага чалавека.

Трэсці (калаціць) кішэні гл. трэсці.

кішэ́нька, ‑і, ДМ ‑ньцы; Р мн. ‑нек; ж.

Памянш. да кішэнь, кішэня (у 1, 3 знач.).

кішэ́ня,

гл. кішэнь.

кішэ́ць, ‑шыць; незак.

1. Мітусліва рухацца ў розных напрамках (пра мноства жывёлін, людзей). Незлічоныя мільёны мошак Аж кішаць у скошанай траве. Глебка. Мірыяды зялёных мух кішэлі ў нагрэтым паветры. Хомчанка.

2. кім. Быць перапоўненым мноствам жывых рухавых істот. Поле кішэла людзьмі, як мурашнік мурашкамі. Дуброўскі.

•••

Аж кішыць каго — вельмі многа. Аж кішыць рыбы, — пажартаваў Васіль. — А паспрабуй злаві каторую ўдзень, дык наседзішся... Савіцкі.

Кішма кішэць — тое, што і кішэць (у 1 знач.), толькі з адценнем узмацнення.

кішэ́чнік, ‑а, м.

Частка стрававальнага апарата чалавека і жывёл, якая пачынаецца за страўнікам і заканчваецца прамой кішкай; сукупнасць кішак.

кішэ́чны,

гл. кішачны.

кіяскёр, ‑а, м.

Прадавец у кіёску.

кіяскёрка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Жан. да кіяскёр.

кія́х, ‑а, м.

Абл.

1. Пачатак кукурузы. На стале, засланым святочным абрусам, .. стаялі.. дзве пляшкі самагонкі, закаркаваныя кавалкамі кіяха. Шамякін.

2. толькі мн. (кіяхі́, ‑оў). Кукуруза. На агародзе, у кіяшніку [радысты] спыніліся. Кіяхі — як лес. Навуменка.

кія́шнік, ‑у, м., зб.

Абл. Сцёблы кукурузы з лісцем; кукурузныя бадылі. Ад лазовага плятня, за якім узвышаўся пажоўклы кіяшнік,.. [Пятра] аддзяляла нешырокая лагчына, парослая альховымі кустамі. Шамякін.