сентыменталі́ст, ‑а, М ‑сце, м.
Прадстаўнік сентыменталізму (у 1 знач.). Пісьменнікі-сентыменталісты.
сентымента́льнасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць, якасць сентыментальнага (у 2 знач.). Сентыментальнасць адносін. // Залішняя чуллівасць, сентыментальныя адносіны да каго‑, чаго‑н. [Яраш] ніколі не бачыў у яе праяў сентыментальнасці, [Маша] заўсёды была строгая і маласлоўная. Шамякін. [Канькоў:] — Тамарка, родная... — А вось гэта ўжо лішняя сентыментальнасць. Асіпенка. // звычайна мн. (сентымента́льнасці, ‑ей). Сентыментальныя ўчынкі; сентыментальныя выразы. Гаварыць сентыментальнасці. □ Уборачная? — угадвала Андрэева думкі Ніна. Андрэй усміхнуўся. — Не, Ніначка, не ўборачная... Так, сентыментальнасці. Лобан.
2. Асаблівасці, характэрныя для сентыменталізму як літаратурнага кірунку. П’еса «Машачка» [А. Афінагенава] не пазбаўлена рыс сентыментальнасці. «Полымя».
сентымента́льнічанне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. сентыментальнічаць.
сентымента́льнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Быць сентыментальным (у 2 знач.), праяўляць залішнюю чуллівасць. // Абыходзіцца з кім‑н. залішне мякка, паблажліва.
сентымента́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да сентыменталізму (у 1 знач.). Сентыментальны раман. □ У «Мёртвых душах» парадзіруецца таксама карамзінскі сентыментальны стыль. «Полымя».
2. Залішне чуллівы, пяшчотны, здольны лёгка расчуліцца. Сентыментальны чалавек. □ Няшчасце з Лёдзяй зрабіла Міхала трохі сентыментальным. Карпаў. // Уласцівы залішне чулліваму чалавеку. [Максім:] — Ну і дурань жа ты, Андрэй. Адкуль у цябе такая сентыментальная схільнасць да самабічавання. Машара. Мяккае сутонне і густая пахучая цеплыня парку неяк абязвольвалі Веру, скіроўвалі думкі на сентыментальны лад. Асіпенка. // Прасякнуты залішняй чуллівасцю; прытарна-саладжавы. Сентыментальная гісторыя. Сентыментальная сцэна.
[Фр. sentimental.]
сентымента́льшчына, ‑ы, ж.
Разм. пагард. Сентыментальныя ўчынкі, размовы. Гаворка ідзе толькі аб некаторым абмежаванні лірычнай стыхіі там, дзе яна звязана з непатрэбнай сентыментальшчынай. Кучар.
сентыме́нты, ‑аў; адз. няма.
Тое, што і сантыменты. [Краска] хітра абышоў пытанне, стаў выкручвацца і ўрэшце, перайшоўшы на павучальны тон, сказаў, што з ёю, гэта значыць, Галяй Абушэнка, трэба дзейнічаць смялей, яна не любіць сентыментаў, уздыханняў і г. д. Дамашэвіч.
сентэнцы́йнасць, ‑і, ж.
Кніжн. Уласцівасць сентэнцыйнага. Сентэнцыйнасць меркаванняў.
сентэнцы́йны, ‑ая, ‑ае.
Кніжн. Павучальны, які мае ў сабе сентэнцыю. Сентэнцыйны тон. Сентэнцыйны раман.
сентэ́нцыя, ‑і, ж.
Кніжн. Выслоўе павучальнага характару. Дзямід маўкліва і вельмі сур’ёзна выслухаў Грышкавы сентэнцыі, а калі той выказаўся, папрасіў завярнуць кароў ад шкоды. Асіпенка. Бліскучай маральнафіласофскай сентэнцыяй пачынаецца гэта навела [«Цвіркун»]. Навуменка. У няпэўна-асабовым значэнні форма 3‑яй асобы множнага ліку пашырана ў прыказках, прымаўках, сентэнцыях і падобных да іх выразах. Граматыка.
[Ад лац. sententia — думка, меркаванне.]