Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

развед...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню словам а) «разведвальны», напрыклад: разведбатальён, разведгрупа, разведсамалёт; б) «разведка», напрыклад: разведданыя, разведзводка.

разве́даны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад разведаць.

разве́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

1. а таксама пра каго-што, аб кім-чым і з дадан. сказам. Распытваючы, назіраючы, дазнацца пра што‑н. — Я адзін пайду, — ціхім голасам сказаў Грышка, — я як бачыш аб усім разведаю... Чарот. Гаспадару кватэры даручылі разведаць, калі будзе аперацыя. Чорны. // Здабыць звесткі аб праціўніку і занятай ім мясцовасці. Чарговым заданнем, якое даў Далідовічу камандзір атрада, было разведаць гарнізон у вёсцы Гаць. Шахавец. Між тым праціўнік дакладна разведаў абаронныя лініі падраздзяленняў і ўвёў у бой мінамёты. Кулакоўскі.

2. Зрабіць абследаванне чаго‑н. са спецыяльнай мэтай. Разведаць дарогу. □ [Вадзім:] — Слухай, Мікола, паехалі сёння ноччу рыбу паловім. Я вазьму маторку, заеду да цябе. Я тут разведаў добрыя мясціны. Гаўрылкін. // Знайсці, адшукаць (залежы, радовішча чаго‑н.) у выніку спецыяльнага даследавання. Разведаць запасы калійнай солі.

разве́дачны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да разведкі (у 2 знач.). Разведачнае бурэнне. Разведачныя работы.

2. Які займаецца разведкай. Разведачная партыя. Разведачнае судна. Разведачная група.

разве́двальнік, ‑а, м.

Той, хто займаецца разведваннем нетраў. Інжынер-разведвальнік. □ Мы, — гэта Васіль, Наташа і я. Усе трое — разведвальнікі балот. З гадзіну назад нас прывёз сюды зялёны экспедыцыйны газік. Аляхновіч.

разве́двальны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да разведвання, разведкі, звязаны з імі. Разведвальныя работы. Разведвальная свідравіна. □ [Хукін:] — Былі вы знішчальнікамі да гэтага часу, будзеце імі і надалей, толькі з маленькім ухілам — разведвальным. Алешка. Не адзін Ігнась хадзіў у разведку. Нярэдка яму даводзілася быць правадніком разведвальных груп. Дуброўскі.

разве́дванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. разведваць — разведаць.

разве́двацца, ‑аецца; незак.

Зал. да разведваць.

разве́дваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да разведаць.

разве́дзены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад развесці.

2. у знач. прым. Пра таго, хто развёўся, у каго скасаваны шлюб. Старая дзеўка... Разведзенаю быць і то, мабыць, не так горка. Марціновіч.

3. у знач. прым. Які растварыўся; раствораны. Разведзены цукар. // З дабаўленнем вады; разбаўлены. Разведзены спірт.