Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

звя́канне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. звякаць — звякнуць (у 1 знач.), а таксама гукі гэтага дзеяння. Насцярожанае фырканне коней і нават часамі звяканне цугляў даносілася з гушчыні. Пестрак.

звя́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да звякнуць (у 1 знач.).

звя́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак. і аднакр.

1. Утварыць рэзкі звонкі гук, стукнуўшы чым‑н. металічным або шкляным; бразнуць. На кухні гаспадыня звякнула пасудай, і я адскочыў ад люстэрка. Карпюк.

2. Разм. Пазваніць па тэлефоне. — Я двойчы з імі размаўляў — ніяк, уперліся.. і ўся гутарка. Можа, ты звякнеш, цябе лепш паслухаюць... Дубоўка.

звя́лы, ‑ая, ‑ае.

Які звяў; вялы, завялы. Высокія травы, звялыя і паніклыя ўдзень ад гарачыні, цяпер узнімаліся ў вільготным дыханні.. зямлі. Самуйлёнак.

звяно́, а́; мн. звёны (з ліч. 2, 3, 4 звяны́), звёнаў; н.

1. Адна асобная састаўная частка ланцуга; кольца. Змацаваць звёны папкай. □ Схапіўшы дужку кляшчамі, трэба было маланкава прасунуць яе ў папярэдняе звяно і прыстукнуць молатам так, каб канцы сышліся і заварыліся. Корбан. // перан. Састаўная частка чаго‑н. цэлага. У рамане «Зямля» — важным звяне ў творчай біяграфіі Чорнага — героем з’яўляецца сялянская маса. Адамовіч.

2. Аднатыпная састаўная частка якога‑н. цэлага. Звяно трубаправода.

3. Найменшая арганізацыйная адзінка ў якім‑н. аб’яднанні. Піянерскае звяно. Ільнаводчае звяно. □ І на захад звяно за звяном пралятаюць знішчальнікі нашы. Танк.

звя́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Тое, што і звяць. [Грузавік] стаяў на палянцы ў хмызняку, крокаў за сто ад шашы, абтыканы бярозавымі галінкамі. Яны яшчэ не паспелі звянуць. Хомчанка.

звянча́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Аб’яднацца шлюбам па царкоўнаму абраду; павянчацца.

звянча́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.

Аб’яднаць шлюбам па царкоўнаму абраду; павянчаць. Злюбіліся ў сяле тым двое, Ды вось бяда — няма каму Звянчаць. Крапіва.

звяра́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да зверыцца.

2. Зал. да звяраць.

звяра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да зверыць.