Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

галёкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Гучна крычаць, звычайна пераклікаючыся ў лесе; гойкаць. Чаму ён, Суконка, павінен хавацца ад тых, з кім некалі разам бегаў у гэты лес, свістаў і галёкаў на ўсё горла? Паслядовіч. Галёкалі, крычалі на ваўка Начлежнікі. Танк. // Шумна размаўляць, галасіста спяваць і пад. Госці галёкалі ў паўтара дзесяткі горлаў так, што ў Сімона зазвінела ў вушах. Самуйлёнак. Не зважаючы на стомленасць, дзяўчаты і хлопцы галёкалі на ўсё балота песні. Сабаленка.

галёкнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Аднакр. да галёкаць.

галёначны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да галёнкі. Галёначная косць.

галёнка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Частка нагі ад калена да ступні. Балелі ногі ў галёнках, хацелася піць, і ціха ныла спіна. Пташнікаў.

галёнкаступнёвы, ‑ая, ‑ае.

Які злучае галёнку і ступню (пра сустаў).

галёрка, ‑і, ДМ ‑рцы, ж.

Разм. Тое, што і галерэя (у 2 знач.). Настрой гледачоў прыўзняты. Асабліва шумна на галёрцы, дзе моладзь — студэнты. Брыль.

галёш,

гл. галош.

галізна́, ‑ы, ж.

Выгляд, стан аголенага цела. Прыкрыць галізну. // Адсутнасць покрыва на чым‑н.; аголенасць. Галізна скал. Галізна асенняга лесу.

га́лій, ‑ю, м.

Хімічны элемент, рэдкі метал серабрыста-белага колеру.

[Ад геагр. назвы.]

галі́на, ‑ы, ж.

1. Бакавы адростак на ствале дрэва; сук з веццем. Тонкаю галінай Трэцца дуб аб дуб. Бядуля. Свае галіны Чаромха млосна зварухне, І раскалыша звон пчаліны. Гаўрусёў.

2. Адгалінаванне ад чаго‑н. галоўнага, асноўнага. Што датычыць Мінскага ўзвышша, то яно ў паўночна-ўсходнім напрамку паніжаецца, расшчапляючыся на дзве галіны. Прырода Беларусі.

галіна́, ы́, ж.

Асобная вобласць навукі, вытворчасці і пад.; пэўная сфера заняткаў, дзейнасці. Працаваць у галіне фізікі. Новыя галіны прамысловасці. □ Старшыня.. калгаса Сямён Антонавіч Крыжачэнка паказваў гасцям жывёлагадоўчыя фермы, грамадскае будаўніцтва, знаёміў з усімі галінамі вялікай.. гаспадаркі. Пянкрат.