Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

перабі́ць, ‑б’ю, ‑б’еш, ‑б’е; ‑б’ём, ‑б’яце; зак.

1. каго. Забіць усіх, многіх; знішчыць. Перабіць ваўкоў. □ [Чалавек:] — А мы, вось.. толькі што ўцяклі з Пярэжырскага лагеру... Варту перабілі і ўцяклі... Лынькоў.

2. што. Разбіць усё, многае. — Асцярожней, Саша, асцярожней! — камандавала .. [Люся] шафёру. — У гэтай скрынцы посуд! Хоць бы не перабіць нам яго. Шашкоў.

3. што. Ударыўшы, зламаць, пераламаць. Учора, калі адыходзілі ад чыгункі, асколкі міны перабілі .. [Пецю] абедзве нагі. Шашкоў. / у безас. ужыв. Аскабалкам жалеза .. [Васілю] перабіла плячо, моцна ўдарыла ў грудзі. Лынькоў.

4. што. Разм. Раздзяліць памяшканне сцяной, перагародкаю на часткі, пакоі. [Тарэнта:] — Я з разлікам раблю: можа, калі разбагацею, дык тады пераб’ю .. [хату] на дзве палавіны. Галавач.

5. што. Парушыць натуральны ход, развіццё якіх‑н. падзей, з’яў і пад. Перабіць сон. □ [Лабановіч] .., стараючыся не думаць зусім аб смерці, закурыў, каб перабіць прыкрыя думкі. Колас. Належныя словы не прыходзілі, і грэх было перабіць тое маўчанне, з якім пакідалі плошчу трое. Янкоўскі.

6. каго-што. Не даўшы дагаварыць, перарваць. Перабіць прамоўцу рэплікай. □ — Туманна, доктар, тлумачыце, — жуючы ў зубах патухшую папяросу, перабіў Анішчанку Громаў-Дар’яльскі. Васілевіч.

7. што. Перашкодзіць каму‑н. ажыццявіць, здзейсніць што‑н. Перабіць куплю.

8. што. Заглушыць, перасіліць што‑н. Дым перабіў пах смалы. □ Калі гарачае сонца высушыць абшары, густыя травы зноў набудуць сваю тонкую пахучасць. Так і трымаецца яна аж да тае пары, пакуль пабялелая збажына не пераб’е яе своеасаблівым водарам спелага жыта. Асіпенка. Міканор адрэваў скібу хлеба, сам дастаў гуркоў і тым перабіў голад. Мележ. Потым, калі зразумеў, што немагчымае адбылося, [Каваль] пераключыў хуткасць і зарагатаў, закрычаў, намагаючыся крыкам перабіць боль у нагах. Савіцкі.

9. што. Узбіць нанава, зрабіць больш мяккім, пульхным. Я, заскочыў на воз, разгарнуў там салому, перабіў, ператрос, ды і лёг. Дубоўка.

10. што. Прыбіць іначай або ў іншым месцы. Перабіць кручок. Перабіць вешалку ў другі кут.

пераблы́таны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад пераблытаць.

2. у знач. прым. Хаатычна перавіты, пераплецены. Пасмы чорных пераблытаных валасоў навіслі на самыя вочы. Васілёнак.

пераблы́тацца, ‑аецца; зак.

1. Пераплесціся паміж сабою.

2. перан. Бязладна перамяшацца. Сваяцкія ніці паміж імі даўно пераблыталіся, а то і зніклі зусім, але тым не менш кожны з Гараўцоў лічыў сябе выхадцам з адной сям’і. Хадкевіч. Як усё добра складвалася, меркавалася — і вось на табе, з’явіўся нейкі палонны француз, нейкі Мішэль, і ўсё пераблыталася, ускладнілася... Сачанка. // Страціць выразнасць, паслядоўнасць, стаць бязладным, хаатычным (аб думках, успамінах і пад.). Пераблыталіся думкі. □ Усё перакруцілася, пераблыталася ў галаве. Асіпенка.

пераблы́таць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Перамяшаць, парушыць папярэдні парадак размяшчэння чаго‑н., заблытаць усё, многае. Пераблытаць ніткі. Пераблытаць дрот. // перан. Парушыць паслядоўнасць, выразнасцю яскравасць, зрабіць хаатычным. Сон пераблытаў усё: праўду з выдумкай, мінулае шчасце з сучасным... Васілевіч.

2. Памылкова прыняць каго‑н. за іншага, адно за другое. Пераблытаць маршрут. Пераблытаць адрасы. □ — Што ж гэта вы падвялі нас з малаком?.. — Трэці дзень не прыносіце. — А хіба мой муж не быў гэтыя дні? — Не. — Няўжо ён пераблытаў дом ці пад’езды? — захвалявалася Вера. Пальчэўскі. [Ханюціна:] — Я цябе з Гуцікавай пераблытала, з ткацкага [цэха]. Савіцкі.

3. Разм. Абвіць, аплесці што‑н.; пераплесці. Пераблытаць плот дротам.

пераблы́твацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да пераблытацца.

2. Зал. да пераблытваць.

пераблы́тваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да пераблытаць.

перабо́й, ‑ю, м.

1. Парушэнне ў рытмічным дзеянні чаго‑н. Пульс з перабоямі. □ У далёкія рэйсы шафёры пускаліся неахвотна — шыны былі слабыя, маторы працавалі з перабоямі, як сэрца ў хворага чалавека. Шахавец.

2. Затрымка ў якой‑н. справе. Майстэрня часта працавала з перабоямі з-за недахопу запасных частак. Хадкевіч.

перабо́льшанасць, ‑і, ж.

Уласцівасць перабольшанага.

перабо́льшанне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. перабольшыць.

2. Тое, чаму надаецца перабольшанае значэнне; што‑н. перабольшанае. Не баючыся перабольшанняў, можна ўпэўнена сказаць, што ў беларускай літаратуры Крапіва-сатырык займае выключнае месца. Бугаёў.

перабо́льшаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад перабольшыць.

2. у знач. прым. Празмерна павялічаны. Перабольшаныя чуткі.