непрыя́знасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць непрыязнага. Непрыязнасць тону.
2. Непрыязныя, недружалюбныя адносіны да каго‑, чаго‑н. [Насця] не любіла Гардзея і ніколі не хавала сваёй непрыязнасці да яго. Мележ.
непрыя́зны, ‑ая, ‑ае.
Які недружалюбна настроены ў адносінах да каго‑, чаго‑н. Нічога добрага для настаўніка не было і ў другой, і ў трэцяй, і ў наступных кучках карт. То замешваўся нейкі злы і хітры мужчына, то непрыязная жанчына, то сумная дарога. Колас. // Які выражае або праяўляе непрыязнасць, недружалюбнасць. У голасе .. [Алі] Леанід пачуў непрыязную насмешку. Мележ.
непрыя́зь, ‑і, ж.
Тое, што і непрыязнасць (у 2 знач.). Аб усім .. [Заслонаў] гаварыў з такім веданнем справы, з такім перакананнем, што ў Жэні Коршаня паступова знікла ўсякая непрыязь да «начальніка рускіх паравозных брыгад». Шчарбатаў. Шыковіч падумаў пра.. [дзяўчыну] з непрыяззю: «Прымасцілася, каб адпрацаваць свае два гады. На завод не пайшла, чортава лялька». Шамякін.
не́прыяцель, ‑я, М ‑ю, м.
Чалавек, які непрыязна, варожа адносіцца да каго‑, чаго‑н. [Лабановіч:] — І вось цяпер, калі я крыху адышоўся ад свайго Цельшына і зірнуў на яго збоку, то гэта глуш, што цікавіла мяне спярша, пачынае здавацца варожаю і наводзіць на мяне нейкае засмучэнне, як бы я ў ёй або яна ва мне чуем непрыяцеля. Колас. [Булай] лічыў, што ўсе недахопы, якія ёсць у рабоце цэха, — справа рук яго непрыяцеляў. Шыцік.
непрыя́цель, ‑я, М ‑ю, м.
Войскі ворага; праціўнік. Акопы непрыяцеля.
не́прыяцелька, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.
Жан. да не́прыяцель.
непрыя́цельскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да непрыяцеля, належыць яму. Непрыяцельская крэпасць. □ Перад наступленнем сапёрны ўзвод забяспечваў два праходы ў непрыяцельскіх мінных палях... «Работніца і сялянка».
непрэзента́бельнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць непрэзентабельнага.
непрэзента́бельны, ‑ая, ‑ае.
Непрыгожы на выгляд; несамавіты.
непрэтэнцыёзны, ‑ая, ‑ае.
Які не прэтэндуе на арыгінальнасць; просты. Непрэтэнцыёзная архітэктура будынка.
непту́ній, ‑ю, м.
Радыеактыўны элемент — серабрысты метал, які з цяжкасцю акісляецца на паветры.