Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

цыклатро́нны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да цыклатрона. Цыклатронная лабараторыя. Цыклатронны рэзананс.

цыклёўка, ‑і, ДМ ‑ўцы, ж.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. цыкляваць.

цыклёўшчык, ‑а, м.

Спец. Тое, што і цыклявальнік.

цыкліза́цыя, ‑і, ж.

Аб’яднанне ў цыкл. Цыклізацыя работы рухавіка. □ Да закончаных цыклаў, да цыклізацыі меў вялікую прыхільнасць такі майстар верша, як Валерый Брусаў. «Полымя».

цыклі́чнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць цыклічнага; чаргаванне. У «Гусляры» паэт [Я. Купала] авалодваў таксама кампазіцыяй, у аснове якой была цыклічнасць падзей, звязаных ці з земляробчай працай, ці са зменаю пор года. Лойка.

2. Сістэма арганізацыі вытворчасці, пры якой яна складаецца з вытворчых цыклаў, якія ажыццяўляюцца строга па графіку. Цыклічнасць вытворчасці. Графік цыклічнасці.

цыклі́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які адбываецца па цыклах (у 1 знач.).

2. Які складае цыкл (у 2 знач.). Цыклічная дэманстрацыя кінафільмаў.

3. Спец. У хіміі — які мае кальцавую будову, структуру. Цыклічныя вуглевадароды.

4. Які прытрымліваецца цыклічнасці (у 2 знач.). Цыклічны графік.

цыкло́іда, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Крывая лінія, што апісваецца пэўным пунктам круга, які коціцца без слізгання па нерухомай прамой лініі.

[Ад грэч. kykloeidēs — кругападобны.]

цыкло́н, ‑а і ‑у, м.

1. ‑у. Віхравы рух атмасферы з паніжэннем атмасфернага ціску ад перыферыі да цэнтра віхру. Цыклон нясе з сабою дождж ці снег, антыцыклон — добрае надвор’е. «Маладосць». // Бура, ураган. Над Беларуссю праносіліся моцныя цыклоны з трывожнымі выбухамі грому. Хведаровіч.

2. ‑а. Апарат, заснаваны на выкарыстанні сіл інерцыі, прызначаны для ачысткі паветра ці газу ад узважаных у іх цвёрдых часцінак.

[Ад грэч. kykléō — кручуся.]

цыкло́п, ‑а, м.

1. У грэчаскай міфалогіі — істота з адным вокам пасярэдзіне лба.

2. Дробная драпежная членістаногая жывёліна атрада весланогіх рачкоў.

[Ад грэч. kýklops — круглавокі.]

цы́кля, ‑і, ж.

Спец. Сталёвая пласціна з вострым, спецыяльна заточаным кантам, якая прымяняецца для цыклявання.

[Ад ням. Ziehklinge.]