Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

таўсталы́ткі, ‑ая, ‑ае.

Разм. З тоўстымі лыткамі.

таўстамо́рды, ‑ая, ‑ае.

Разм. З тоўстай мордай. Таўстаморды бульдог. / Зневаж. Пра чалавека. Адкормлены, рыжавусы, таўстаморды чалавек зверскага віду трымаў у руках электрычны ліхтарык, асвятляючы хату і яе ўбогую абстаноўку. Колас.

таўстано́гі, ‑ая, ‑ае.

З тоўстымі нагамі. З ланцуга, прывязанага да дрэва, рвалася малое, але таўстаногае ваўчанё. Федасеенка.

таўстано́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жак; ж.

Перапончатакрылае насякомае бліскучай металічнай афарбоўкі.

таўстано́сы, ‑ая, ‑ае.

З тоўстым, вялікім носам. — Пераслалі дакументы назад! — з нейкім задавальненнем прамовіў таўстаносы, з маленькімі нерухомымі вочкамі, хударлявы Раман. Ваданосаў.

таўстапу́зы, ‑ая, ‑ае.

Разм. З тоўстым, вялікім жыватом. Убег у штаб дывізіі хударлявы, нястройны паручнік. Выцягнуўся, як сабачка на заднія лапкі, перад таўстапузымі панамі... Нікановіч.

таўстаро́г, ‑а, м.

Парнакапытная жывёліна сямейства пустарогіх, якая мае вялікія рогі і дасягае 140 кг вагі, водзіцца ў Паўночна-Усходняй Азіі і Паўночнай Амерыцы; снежны баран.

таўстары́лы, ‑ая, ‑ае.

Разм. З тоўстым рылам. Таўстарылая свіння. / Лаянк. Пра чалавека. О, каб яму [Данілу] ды воля, сіла! Як адплаціў бы ён за здзек Панам, іх [сялян] катам таўстарылым! Без жалю б рэзаў іх і сек. Колас.

таўстаску́расць, ‑і, ж.

Уласцівасць таўстаскурага.

таўстаску́ры, ‑ая, ‑ае.

1. З тоўстай скурай, скуркай, душнай. — Што ж гэта за людзі? — здзівіўся ў думках Антось. — ... Ага, вунь жа і Васіль .. Сапраўдны тэхнік!.. А рукі як ходзяць!.. Такія таўстаскурыя пальцы, а гэтак жвава рухаюцца... Кулакоўскі. Маша паклала апельсін, на які паказала пакупніца. — Здыміце. Гэты надта таўстаскуры. Прокша.

2. перан. Які не здольны адчуць, успрыняць што‑н.; нячулы, неспагадлівы (пра чалавека). Таўстаскуры эгаіст. □ [Шаціла:] — Нават Ігар, і той не такі таўстаскуры. Я аднойчы бачыў слёзы ў яго на вачах. «Звязда».