ско́нта, нескл., н.
Скідка з сумы рахунка за плацеж наяўнымі або да тэрміну.
[Іт. sconto — вылік.]
ско́нчаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад скончыць.
2. ско́нчана; безас. у знач. вык., звычайна з кім-чым. Пра заканчэнне, спыненне чаго‑н. (адносін, справы і пад.). [Стэфан:] — Пайшоў бы ты, Андрэй, куды трэба, прызнаўся, сказаў бы, што з мінулым усё скончана і ты пачынаеш новае жыццё. Ваданосаў. У-у-у, — загула Томка. — Хвацкі хлопец... І ў цябе з ім усё скончана? — спачувальна працягнула яна. Арабей.
3. у знач. прым. Вырашаны, кончаны. Скончаная справа.
4. у знач. прым. Адпеты, непапраўны ў сваіх паводзінах, імкненнях і пад. (пра чалавека). — Скончаны чалавек! — наліліся чырванню вочы Кастроўскага. Гурскі.
•••
І скончана — рашэнне канчатковае, далей размоў не можа быць.
ско́нчыцца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Прыйсці да канца; закончыцца. Скончылася лета. Змена скончылася. Скончыўся водпуск. □ Вось і снеданне скончылася, і хата апусцела — усе паразыходзіліся. Колас. Будаўніцтва Міхалавай хаты скончылася толькі восенню. Васілевіч. Скашынскі зразумеў, што і тут яго кар’ера можа хутка і ганебна скончыцца. Чарнышэвіч. // Споўніцца, мінуць (пра ўзрост, гады). Калі пачалася вайна,.. [Ганне] неўзабаве павінна было скончыцца дваццаць чатыры гады. Чорны. // Спыніцца, перастаць. Грыбныя скончыліся ліўні, Туманы нікнуць да трысця. Лось. // Поўнасцю зрасходавацца. Гаручае скончылася. □ Скончыўся хлеб, цукар, елі адно мяса. Шамякін. У дыску скончыліся патроны. М. Ткачоў. // Дасягнуць граніцы сваёй працягласці. Сасновы бор скончыўся, і мы выйшлі на паляну. В. Вольскі. Асфальт скончыўся. Далей пайшла брукаваная шаша. Корбан.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.), чым. Прыйсці да пэўнага выніку, завяршыцца чым‑н. Невядома, чым бы скончыліся гэтыя размовы, каб цётка Наста не паклала абаіх адпачываць. Скрыпка. Усе чакалі, чым жа скончацца ўрэшце гэтыя падзеі. Лынькоў.
3. Разм. Памерці. Мядзведзь скончыўся ад страху. Бядуля.
ско́нчыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.
1. што і з інф. Давесці выкананне чаго‑н. да канца; завяршыць. Скончыць мыць посуд. □ Людзі спяшаліся да пачатку ўборкі бульбы скончыць сіласаванне кукурузы. Паслядовіч. Даша скончыла зборы і пачала апранацца. Васілевіч. // Поўнасцю зрасходаваць. [Цётка:] — Апошні кумпяк на сёмуху скончылі. Машара. Знайшліся такія, што як сала сваё з торбы скончылі, дык і па доме зажурыліся. Крапіва.
2. што, чым. Зрабіць што‑н. у заключэнне, закончыць чым‑н. Крушынскі скончыў сваё тлумачэнне .. басам на спеўны царкоўны лад. Бядуля. Вячэру скончылі куццёю. Колас. // Закончыць сваё жыццё, дзейнасць пэўным чынам. Пачаў грамадскую дзейнасць народнікам, а скончыў — меншавіком.
3. што. Закончыць навучанне дзе‑н. Самы старэйшы, Павел, скончыў рачны тэхнікум і ўжо плаваў на Дняпры капітанам буксіра. Шамякін.
4. што, з чым і з інф. Спыніць што‑н., палажыць канец чаму‑н. Скончыць з прагуламі. Скончыць з парушэннем працоўнай дысцыпліны.
•••
Скончыць жыццё — тое, што і кончыць жыццё (гл. кончыць).
ско́пванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. скопваць — скапа́ць.
ско́пвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да скопваць.
ско́пваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да скапаць.
ско́ра,
1. Прысл. да скоры (у 1, 3 і 4 знач.).
2. у знач. вык. Пра скорае наступленне, пабліжэнне чаго‑н. Скора восень. Каркаюць вароны. Жоўты каля ног маіх лісток. Пысін.
скорагаво́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
1. Хуткае, паспешлівае маўленне. Шчаслівы .. смех [Тамары] перадаўся Мані, і яна, слухаючы таварышкі блытаную скорагаворку, не магла стрымаць яго і ў сабе. Васілевіч. Пачуўся смяшок, неразборлівая і, відаць, смяшлівая скорагаворка, і ўсё змоўкла. Паўлаў. // у знач. прысл. скорагаво́ркай. Хутка, паспешліва (пра мову). Мы цокалі на польскай мове — [Стася] з паморскім акцэнтам, скорагаворкай, а я нараспеў, як усе беларусы. Бажко. — Мяне тата прыслаў, — скорагаворкай прамовіў Юрка, — там, — ён махнуў рукой у бок лесу, — нейкія людзі... Двое... Курто. // Што‑н. (артыкул, кніга і пад.), напісанае наспех, без дакладнасці, неглыбока. Там, дзе зніжаецца творчая напружанасць паэта, з-пад яго пяра выходзіць скорагаворка. Бярозкін. Увага да ўсіх гістарычных этапаў, якія прайшла краіна, была прычынай адсутнасць сюжэтнай сканцэнтраванасці, хранікальнай бегласці і скорагаворкі ў асобных раздзелах. Кучар.
2. Жартаўлівая фраза, пабудаваная на спалучэнні гукаў, якія робяць цяжкім хуткае вымаўленне яе. Заняткі пачыналіся з работы над тэхнікай мовы. Колькі скорагаворак было вызубрана напамяць. «Беларусь».
скорагаво́рны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да скорагаворкі. Скорагаворная мова.