ско́нчыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.
1. што і з інф. Давесці выкананне чаго‑н. да канца; завяршыць. Скончыць мыць посуд. □ Людзі спяшаліся да пачатку ўборкі бульбы скончыць сіласаванне кукурузы. Паслядовіч. Даша скончыла зборы і пачала апранацца. Васілевіч. // Поўнасцю зрасходаваць. [Цётка:] — Апошні кумпяк на сёмуху скончылі. Машара. Знайшліся такія, што як сала сваё з торбы скончылі, дык і па доме зажурыліся. Крапіва.
2. што, чым. Зрабіць што‑н. у заключэнне, закончыць чым‑н. Крушынскі скончыў сваё тлумачэнне .. басам на спеўны царкоўны лад. Бядуля. Вячэру скончылі куццёю. Колас. // Закончыць сваё жыццё, дзейнасць пэўным чынам. Пачаў грамадскую дзейнасць народнікам, а скончыў — меншавіком.
3. што. Закончыць навучанне дзе‑н. Самы старэйшы, Павел, скончыў рачны тэхнікум і ўжо плаваў на Дняпры капітанам буксіра. Шамякін.
4. што, з чым і з інф. Спыніць што‑н., палажыць канец чаму‑н. Скончыць з прагуламі. Скончыць з парушэннем працоўнай дысцыпліны.
•••
Скончыць жыццё — тое, што і кончыць жыццё (гл. кончыць).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)