скончыцца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Прыйсці да канца; закончыцца. Скончылася лета. Змена скончылася. Скончыўся водпуск. ▪ Вось і снеданне скончылася, і хата апусцела — усе паразыходзіліся. Колас. Будаўніцтва Міхалавай хаты скончылася толькі восенню. Васілевіч. Скашынскі зразумеў, што і тут яго кар’ера можа хутка і ганебна скончыцца. Чарнышэвіч. // Споўніцца, мінуць (пра ўзрост, гады). Калі пачалася вайна,.. [Ганне] неўзабаве павінна было скончыцца дваццаць чатыры гады. Чорны. // Спыніцца, перастаць. Грыбныя скончыліся ліўні, Туманы нікнуць да трысця. Лось. // Поўнасцю зрасходавацца. Гаручае скончылася. ▪ Скончыўся хлеб, цукар, елі адно мяса. Шамякін. У дыску скончыліся патроны. М. Ткачоў. // Дасягнуць граніцы сваёй працягласці. Сасновы бор скончыўся, і мы выйшлі на паляну. В. Вольскі. Асфальт скончыўся. Далей пайшла брукаваная шаша. Корбан.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.), чым. Прыйсці да пэўнага выніку, завяршыцца чым‑н. Невядома, чым бы скончыліся гэтыя размовы, каб цётка Наста не паклала абаіх адпачываць. Скрыпка. Усе чакалі, чым жа скончацца ўрэшце гэтыя падзеі. Лынькоў.

3. Разм. Памерці. Мядзведзь скончыўся ад страху. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)