Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

седлаві́на, ‑ы, ж.

1. Прагіб у спіне жывёлін (пераважна ў коней). // Упадзіна на носе. На пераноссі, на самай седлавіне яго, рассыпаны кроплі, як на цецеруковым яйку, кроплі рабаціння. Баранавых.

2. Прадаўгаватая ўпадзіна паміж дзвюма высокімі вяршынямі ў горным хрыбце. У седлавіне, напэўна, быў перавал, туды вяла сцежка. Быкаў. // Участак дарогі з прадаўгаватым прагібам. Партызаны-сігнальшчыкі, якія спецыяльна былі выстаўлены ўсцяж усёй седлавіны дарогі, раз-пораз папярэджвалі. М. Ткачоў.

седлавы́, ‑ая, ‑ое.

Які мае адносіны да сядла. Седлавая лука. // Звязаны з вырабам сёдлаў. Седлавая майстэрня.

седлападо́бны, ‑ая, ‑ае.

Які мае форму сядла. Седлападобны выгіб.

се́дня, ‑і, ж.

Разм. Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. сядзець. Мы яшчэ не сагрэліся пасля седні ў ельніку, і цяпер у нас ні ў кога не трапляў зуб на зуб. Пташнікаў. Зноў маладзік з нябеснай седні Прасунуў рожкі праз вазон, І пахне ноч духмяным сенам, І сніцца добры даўні сон... Камейша.

сеза́м 1, ‑у, м.

Тое, што і кунжут.

[Грэч.]

сеза́м 2, ‑а, м.

1. (з вялікай літары). У выразе: Сезам, адкрыйся! — ужываецца жартам пры намеры пранікнуць у якую‑н. тайну, перамагчы якую‑н. перашкоду (першапачаткова — заклінанне ў арабскай казцы, сілаю якога раскрывалася тайна скарбніцы).

2. Тайная скарбніца; таямніца. Сезам можна адчыніць толькі сваімі ключамі. Палтаран.

сеза́мавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сезаму ​1; кунжутавы. Сезамавае масла.

сезо́н, ‑а, м.

1. Адна з чатырох пор года. Летні сезон. □ Што ні кажы, на дварэ трыццаць градусаў, а касцюм у хлопца яўна не па сезону. Беразняк. Як ніткі — тоненькія бровы, і кудзерцы — бялюткі лён. Пашые дзяўчына абновы На ўсю вясну, на ўвесь сезон. Пысін.

2. Частка года, найбольш прыдатная для якіх‑н. работ, адпачынку і пад. Будаўнічы сезон. Купальны сезон. □ Ці ж гэта жарт — бесперабойна працаваць увесь сезон, захаваць у спраўнасці ўсе машыны і ўвосень на іх даваць па дзве — дзве з палавінай нормы. Хадкевіч. На Чорным моры ў верасні сама што сезон. Васілёнак. Кожны з тэатраў рэспублікі за сезон ужо ставіць па некалькі арыгінальных твораў. «Полымя». Дачакаліся мы паляўнічага сезона палявання на птушак. Ведаеце, рукі самі так і цягнуцца да стрэльбы. Грамовіч. // Час выспявання якіх‑н. пладоў і пад. Вінаградны сезон.

•••

Бархатны сезон — асеннія месяцы (верасень, кастрычнік) на поўдні.

Мёртвы сезон — перыяд застою ў прамысловасць гандлі (у капіталістычных краінах).

[Фр. saison.]

сезо́ннасць, ‑і, ж.

Магчымасць ажыццяўлення чаго‑н. у пэўны сезон года; дастасаванасць да пэўнага сезона. Сезоннасць сельскагаспадарчых работ. // перан. Дастасаванасць да пэўнага моманту. Аднак разуменне сучаснага тады-сяды падмяняецца сезоннасцю, працай па прывычных схемах, у якія ўкладаюцца якасна новыя праявы жыцця. Лужанін.

сезо́ннік, ‑а, м.

Рабочы, які працуе на сезонных работах. Вярталіся дамоў сезоннікі з Латвіі, Літвы і нават з Эстоніі. Машара.

сезо́нніца, ‑ы, ж.

Жан. да сезоннік.