ра́тнік, ‑а, м.
1. Уст. і высок. Воін, баец. Ратнікаў першай Айчыннай вайны Халодным жвірам акрыла поўнач. Барадулін. Ля рычагоў кіравання, ля кулямётаў сядзяць выпрабаваныя ратнікі. За першы ваенны тыдзень яны вынеслі на сваіх плячах столькі жахаў ваеннага пекла! Беразняк.
2. Гіст. Салдат, радавы дзяржаўнага апалчэння ў дарэвалюцыйнай Расіі. Барадатыя ратнікі апалчэння засумавалі па дому, па дзецях і рады былі бавіцца з хлапчукамі. Хведаровіч.
ра́тны, ‑ая, ‑ае.
Уст. і высок. Ваенны, баявы. Пра камандзіра групы дыверсантаў-разведчыкаў, пра яго ратныя справы расказвалі незвычайныя гісторыі. Сіняўскі. Ратны подзвіг героя ўмацоўвае .. волю [жывых] да працоўных подзвігаў на славу радзімы. Бярозкін. Вышэй ратнага подзвігу ставіць паэт [М. Багдановіч] подзвіг маці. Лойка.
рато́нда, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
1. Круглая пабудова (будынак, павільён, зала), звычайна акружаная калонамі і ўпрыгожаная купалам. Над абрывам узвышаецца каля прыстані каменная белая вежа — альтанка ў выглядзе ратонды. В. Вольскі.
2. Верхняе жаночае цёплае адзенне ў выглядзе доўгай накідкі без рукавоў, распаўсюджанае ў канцы 19 — пачатку 20 стст. Аксамітная ратонда.
[Ад лац. rotundus — круглы.]
рату́нак, ‑нку, м.
1. Тое, што і ратаванне. Рух гэты .. [Міхалковіча] падобен на тое, быццам ён кінуўся на свой ці на чый ратунак. Чорны.
2. Магчымасць, сродак выратавацца, пазбавіцца ад чаго‑н. (небяспечнага, непрыемнага). І няма такой злыбеды на свеце, на якую б не ўсміхнуўся неспадзеўны, нечаканы ратунак. Гарэцкі. Гэта быў слабы, але радасны крык чалавека, які пасля смяртэльнай небяспекі ўбачыў ратунак. Шамякін. Казінае малако лічылася найлепшым ратункам ад сухотаў, ад усякай знямогі, кашлю, болю ў грудзях. Кулакоўскі.
3. Дапамога, абарона, выручка. Прасіць ратунку. □ З трахомаю, з праказаю Калекі ўсе ідуць. Ускраіны паказваюць Вялікую бяду. Пара ратунак даць ім, Пара іх выручаць! Панчанка.
•••
Ратунку няма гл. няма.
ра́туша, ‑ы, ж.
1. Орган самакіравання ў гарадах феадальнай Заходняй Еўропы, а таксама будынак, дзе ён размяшчаўся. З мноства будынкаў вылучаецца сваёй архітэктурай ратуша: з чырвонай цэглы, з высокай строгай вежаю, над якой блішчыць купал з трыма залатымі каронамі. Мележ.
2. Орган гарадскога самакіравання ў Расіі ў 18 — пачатку 19 ст., а таксама будынак, дзе ён размяшчаўся.
[Польск. ratusz.]
ратыфікава́цца, ‑куецца; незак.
Зал. да ратыфікаваць.
ратыфікава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак. і незак., што.
Аформіць (афармляць) ратыфікацыю.
ратыфікацы́йны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да ратыфікацыі. Ратыфікацыйная грамата.
ратыфіка́цыя, ‑і, ж.
Зацвярджэнне вышэйшым органам дзяржаўнай улады міжнароднага дагавору, заключанага прадстаўніком улады; канчатковае зацвярджэнне міжнароднага пагаднення. Назіраючы ажыўлены рух навокал парламента, мы ўспомнілі, што сёння адбываюцца дэбаты па ратыфікацыі так званых парыжскіх пагадненняў. Лынькоў.
[Фр. ratification ад лац. ratus — які мае законную сілу і facere — рабіць.]