рані́мы, ‑ая, ‑ае.
Якому лёгка прычыніць душэўны боль, пакуты; уражлівы. Гады і нягоды сагнулі старэчую спіну, але душа маці засталася простай, чулай, лёгка ранімай. Калеснік.
ра́ніца, ‑ы, ж.
Час сутак ад канца ночы да пачатку дня, першыя гадзіны дня. Сонечная раніца. Халодная раніца. □ — Хто там? — запытаў айцец Баніфацый. — Пусціце перабыць ноч да раніцы, — пачулася ў адказ. Чарнышэвіч. Вёска .. дыміла кожную раніцу дымком сваіх каміноў. Чорны.
•••
Добрай раніцы! — ранішняе прывітанне.
ра́ніцай і раніцо́й, прысл.
У ранішні час, ранішняй парою. Раніцай .. [Тварыцкага] пабудзіў гаспадар. Чорны. Раніцай .. [Алёшка] валокся з санкамі на станцыю і адтуль цягнуў да казармаў цяжкія чамаданы. Брыль. А раніцой, яшчэ сонца не ўзышло — было яшчэ цёмна, пабудзіў Павел Міколку. Лынькоў.
ра́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак. і незак., каго-што.
1. Нанесці (наносіць) рану (раны). Дзед .. падышоў да стала, схапіў нож і глыбока раніў сабе руку. Зуб. — Супрончыку плячо ранілі... — Андрыян уздыхнуў. — Па маёй віне прастрэлілі... Марціновіч. / у безас. ужыв. У апошнія дні вайны Мішу раніла, летам ён выпісаўся са шпіталя, прыехаў у родны горад і не застаў ні бацькоў, ні знаёмых. Карпюк.
2. перан. Прычыніць (прычыняць) каму‑н. душэўны боль, пакуты. У хаце настала тая жалобная хвіліна, якая раніць болем кожнае чулае сэрца. Сабаленка.
ра́нічка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Ласк. да раніца; самы пачатак раніцы. На трэ[цюю] ранічку да дня — Мужчыны трохі і блудзілі. Колас. Ранічкай і ў кажушку прабірае — дрыжыкі не можа суняць Кучук, рукі пацірае. Лобан. — Насі, Ванечка, касой, пакуль ранічка з расой... Кірэйчык.
ра́нішні, ‑яя, ‑яе.
Які мае адносіны да раніцы. Ранішні час. // Які бывае раніцай, уранні. Ранішняя зара. Ранішнія замаразкі. □ Дагаралі вугельчыкі, павеяла ранішнім халадком. Шчарбатаў. Збіваючы ранішнюю расу, ногі пакідалі на зялёным мурагу выразныя сляды. Краўчанка. // Які адбываецца, выходзіць, робіцца і пад. раніцай, уранні. Ранішняя зарадка. Ранішні поезд. Ранішні сон. □ На пляцоўцы пачыналася ранішняе жыццё, шумлівае, гаманлівае. Кулакоўскі.
ра́нішнік, ‑а, м.
1. Ранішні збор, спектакль для дзяцей-дашкольнікаў і малодшых школьнікаў. Навагодні ранішнік. □ Назаўтра на ранішнік сабраліся малодшыя класы і ўсе вясковыя дзеці дашкольнага ўзросту. Васілевіч. Распускаючы вучняў дахаты, настаўнікі аб’явілі пра ранішнік, які меўся адбыцца на другі дзень Новага года. Навуменка.
2. Ранішні мароз, які бывае да ўсходу сонца ўвосень і вясной. Увосень ранішнік з’явіўся, У госці завітаў суровы лістапад, І малады дубок ад лісця агаліўся. Корбан.
ра́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Памянш. да рана 1 (у 1 знач.); невялікая рана. На назе, трошачкі вышэй за калена, Алімпа знайшла ў .. [Валодзі] ранку. Сабаленка.
ра́нкам, прысл.
У ранішні час; уранку, раніцай. І рупіць гэта паляванне, А заўтра ранкам у світанне Яму [Міхалу] падводзіць трэба пана. Колас. Устаючы ранкам, ужо колькі разоў Юлечка парывалася сама прыбраць пасцель, на якой спала разам з маці. Гарбук.
ра́нкі, ‑аў; адз. няма.
Абл. Ранішняя пасьба жывёлы летам у гарачую пару. Маці толькі і клопату з.. [каровай], што выгнаць на ранкі. Б. Стральцоў. Пасвіў .. [дзядзька Алесь] толькі на ранках, бо ўдзень яго ўжо не пускала кузня. Кулакоўскі. // Знаходжанне жывёлы ў хляве ў паўдзённы час пасля ранішняй пасьбы. Тым часам пара і выганяць каровы з ранкаў, і Паўліха ідзе рыхтаваць Чэсіку торбу. Васілевіч. Сёння ўжо каровы прыгналі на ранкі, а Віктара ўсё яшчэ няма. Палтаран.