Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

раджа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да радзіць (у 1 знач.).

радзе́йшы, ‑ая, ‑ае.

Выш. ст. да прым. рэдкі.

радзе́ць, ‑ее; незак.

Станавіцца рэдкім (у 1–3 знач.) або больш рэдкім, менш густым, менш частым. Туман увачавідкі радзеў, у праяснелых разрывах яго ўжо зусім выразна мільгалі лапікі маку, камяні. Быкаў. Густы лес пачаў радзець, на змену вялікім дрэвам пайшоў малады дубняк. Васілеўская. Паступова воплескі радзелі, сёй-той падымаўся і выходзіў з залы. Асіпенка. // Змяншацца колькасна. Дружная сям’я танкістаў радзела з кожным боем. Мележ.

радзі́зна, ‑ы, ж.

Разм. Уласцівасць рэдкага (у 2 знач.).

радзі́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

Разм. Радзільны дом; радзільнае аддзяленне. Спыніўся [чалавек] каля нас, паздароўкаўся. Потым пытаецца, калі прымаюць перадачу ў радзілцы. Каршукоў.

радзі́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Прызначаны для аказання медыцынскай дапамогі пры родах. Радзільнае аддзяленне бальніцы. Радзільны дом.

2. Які бывае пры родах. Радзільная гарачка.

радзі́льня, ‑і, ж.

Разм. Пакой, дзе раджаюць дзяцей.

радзі́ма, ‑ы, ж.

1. Краіна, якая гістарычна належыць пэўнаму народу і якую гэты народ насяляе; бацькаўшчына. Маладыя калгаснікі пайшлі ў Чырвоную Армію са зброяй у руках абараняць сваю радзіму. Колас. Паўстала радзіма, замок Няволі зламала навек, Надзела з пралесак вянок І слёзы сагнала з павек. Купала. // Месца нараджэння каго‑н. Пра славу я тваю дачуўся, Радзіма, Случчына мая! Астрэйка. Калі Альшэўскі збіраецца на радзіму, да маці, яго заўсёды ахоплівае асаблівы настрой. Навуменка.

2. Месца ўзнікнення, паходжання чаго‑н. — Сея — мясцовая назва сіга, — растлумачыў інжынер. — Радзіма гэтай рыбы — Чудское возера. В. Вольскі.

радзі́мец, ‑мцу, м.

Разм. Прыпадак хваробы ў маленькіх дзяцей (а таксама ў парадзіх і цяжарных жанчын), які суправаджаецца сутаргамі і стратай прытомнасці.

радзі́мічы, ‑аў; адз. радзіміч, ‑а, м.

Групы ўсходнеславянскіх плямён, якія жылі ў першым тысячагоддзі ў міжрэччы Дняпра і Дзясны па цячэнню ракі Сож і яе прытокаў.