Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

рага́ч, ‑а, м.

1. Самец аленя, лася і некаторых іншых рагатых жывёл. І раптам: роў ласёў... Ён скаланае зямлю і неба. Два велізарныя рагачы на маіх вачах б’юцца насмерць. Карамазаў.

2. Ніжняя частка хвойнага дрэва з вывернутым коранем; корч. [Талаш:] — Не памілуе вас пан, прыпомніць кожны.. рагач, што выкапалі вы для сахі, каб калупацца ў полі. Колас. У ельніку ля лазы на сухастоіне каркала варона, моцна і дзярката: падлятала ўгару і зноў садзілася на доўгі выгнуты рагач. Пташнікаў.

3. Драўляная саха; драўляная частка сахі. Прыйшоў багач — кідай рагач, бяры сявеньку ды сёй памаленьку. Прыказка.

4. Абл. Вілкі, якімі ставяць у печ або вымаюць з печы гаршкі, чыгуны. — Будзе ўжо булькаць! От расхадзіўся.. — ласкава прыгаворвае да чыгуна [бабка] і, падхапіўшы яго рагачом, выцягвае з печы на прыпечак. Каліна.

5. Разм. Раганосец. Вінаватая фрау, шмат маладзейшая за свайго рагача, на каленях прасіла не ганьбіць яе — не заяўляць у паліцыю і не пісаць нічога сыну на фронт. Брыль.

раго́жа, ‑ы, ж.

Грубая плеценая тканіна з лубяных палосак (для ўпакоўкі, накрывання чаго‑н. і пад.). Выбягаюць з класнага вагона салдаты, грузяць у цяплушкі .. запакаваную ў рагожу мэблю. Лужанін. // Мачалка з лубяных палосак; вяхотка. Каля дзвярэй некалькі старэнькіх дзядкоў неміласэрна церлі адзін аднаму рагожамі спіны. Чорны.

раго́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жак; ж.

1. Памянш. да рагожа. // Падсцілка з рагожы.

2. Баваўняная або палатняная тканіна, ніці ў якой пераплятаюцца папарна.

раго́жны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рагожы. Рагожная тканіна. Рагожны вехаць. // Зроблены з рагожы. Грузавік быў нагружаны вочкамі, скрынкамі, рагожнымі кулямі. Хадкевіч. // Крыты рагожай. Рагожная кібітка. Рагожны будан.

раго́жына, ‑ы, ж.

Разм. Кавалак рагожы.

раго́з, ‑у, м.

Травяністая расліна сямейства рагозавых з тоўстым моцным чорна-белым катахом на высокім сцябле, якая расце па берагах вадаёмаў. Па баках, каля берагоў, раслі ў вадзе гарлачыкі, рагоз і асака, але сярэдзіна возера была чыстая. В. Вольскі.

раго́завы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да рагозу. Рагозавыя лісты.

2. у знач. наз. раго́завыя, ‑ых. Сямейства водных і балотных травяністых раслін з цыліндрычным суквеццем у выглядзе катаха.

рагу́, нескл., н.

Страва з дробна парэзанага і ўтушанага з гароднінай мяса або ўтушанай гародніны з вострым соусам. [Цётка Роза] нарыхтавала яшчэ разу з труса, якога на вачах Толі падстрэліў дзядзька. Лынькоў.

[Фр. ragoût.]

рагу́ліна, ‑ы, ж.

Разм. Палка з развілінай. [Плытагоны] зашчамілі паміж звязанымі бярв[ёнамі] дзве рагуліны і, калі трэба было, вешалі над вогнішчам на тоўстай бярозавай палцы кацялок з гарохавым супам. Радкевіч.

рагу́лька, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.

1. Разм. Памянш. да рагуля (у 1 знач.); невялікая рагуля (у 1 знач.). Другое вогнішча Коля Булкін расклаў для кухараў, паставіў рагулькі, на іх павесілі кацялкі. Жычка.

2. Памянш.-ласк. да рагуля (у 2 знач.). — Хутка на пашу пойдзеце, рагулькі, — прамовіла Таццяна, быццам каровы маглі разумець яе. Марціновіч.

3. Спец. Прыстасаванне ў прадзільных машынах, якое дае ніцям вярчэнне і накіроўвае іх на шпульку.

4. толькі мн. (рагу́лькі, ‑лек). Род аднагадовых і шматгадовых травяністых раслін сямейства казяльцовых.