пустальга́, ‑і, ДМ ‑льзе.
1. ж. Драпежная птушка сямейства сакаліных, якая жывіцца грызунамі і насякомымі.
2. м. і ж.; перан. Пра пустога, легкадумнага чалавека. — Балбатун ты, Казік. Пустальга, ды і толькі. Машара.
пустамало́т, ‑а, М ‑лоце, м.
Чалавек, які гаворыць многа і не да толку; балбатун; пустазвон. Сашка Марцінаў быў вясковым пустамалотам, задавакам і задзірам. Машара. Васіль падумаў, што гэты пустамалот проста разыгрывае яго. Беразняк.
пустаме́льства, ‑а, н.
Пустыя размовы; балбатня. «Не выцягнуць, — прыйшло першае рашэнне [Чарнавусу], — пустамельства ўсё гэта». Кулакоўскі.
пустаме́ля, ‑і, ДМ ‑ю, Т ‑ем, м.; ДМ ‑і, Т ‑яй (‑яю), ж.
Тое, што і пустамалот. — Цьфу, пустамелі, — злосна плюнуў дзед, дэманстратыўна адвярнуўшыся ад акна. Васілевіч.
пустапаро́жнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць пустапарожняга; пустая, бяссэнсавая справа. — Ці варта было траціць столькі дарагіх для чалавека гадоў дзеля такой пустапарожнасці? Ніякага значэння для навукі, для жыцця ў гэтым адкрыцці няма... Дубоўка.
пустапаро́жні, ‑яя, ‑яе.
Разм. Неабгрунтаваны, беспадстаўны, нікчэмны. Пустапарожняя балбатня. □ Каб паказаць, што гэта не толькі пустапарожнія гутаркі, а рэальная справа, Ганна Сымонаўна падумала.. правесці спробу — згатаваць цукар з адпаведнай сыравіны. Дубоўка.
пустапа́сам, прысл.
Разм.
1. Без пастуха. Каровы ходзяць пустапасам.
2. Без дагляду, без нагляду; сам (сама) па сабе (пра дзяцей). — У вайну загінулі абое [бацькі], дык пры цётцы і гадуецца. А ў той сваіх пяцёра... Вось і паспрабуй за ўсімі прыгледзець. Ну і жыве, небарака, пустапасам. Ляўданскі. // Без сям’і, халасцяком. — Ды не цягаліся б вы гэтак доўга пустапасам, — гудзеў за сцяною дзед. — Знайшоў адзін з другім добрую дзеўку і жаніся, чаго ж... Брыль.
3. Без справы, без занятку. Пустапасам труцень жыў, Неяк з пчоламі здружыў... Купала.
пустаро́гі, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае пустыя ўсярэдзіне рогі.
2. у знач. наз. пустаро́гія, ‑іх. Сямейства млекакормячых з пустымі ўсярэдзіне рагамі, да якога адносяцца авечка, карова, каза і інш.
пустасло́віць, ‑слоўлю, ‑словіш, ‑словіць; незак.
Гаварыць пустое; несці лухту. Хлопцы гатовы былі ўбачыць у асобе Мірона Вадалея сапраўднага салдата рэвалюцыі, хоць часамі адчувалі, што залішне пустасловіць, гаворыць аб тым, чаго не было. Пестрак.
пустасло́ў, ‑слова, м.
Той, хто гаворыць пустое, нясе лухту. — Але ж, хлопцы, з Вальдамарам нялёгка ўжыцца. Пустаслоў. Гаворыць, абяцае. А ніколі нічога не зробіць. Мыслівец.