по́дсвіст, ‑у, М ‑сце, м.
Свіст, які суправаджае танец, спеў, ігру і пад. Ліха рэзаў гармонік, екатаў бубен, з подсвістам, з прыпеўкамі таптала .. пыл развясёлае войска. М. Стральцоў. З ложка чулася адно мірнае, з тонкім .. подсвістам храпенне. Мележ.
по́дскакам, прысл.
Разм. Падскокваючы (бегчы, перамяшчацца). Дзяўчынка не стала чакаць, пакуль адыдзе аўтобус — пабегла подскакам, на адной назе, далей. Сачанка.
по́дслух, ‑у, м.
Абл. Падслухванне. Цімоха агортвае страх: А што, калі стане вядома, Як потайкам ён па начах Выходзіць на подслухі з дому? Колас.
по́дступ, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле дзеясл. падступаць — падступіць і падступацца — падступіцца (у 1 знач.).
2. звычайна мн. (по́дступы, ‑аў). Месца, шлях для падыходу, прыбліжэння да чаго‑н. Дзесьці на подступах да станцыі раздаўся далёкі яшчэ гудок цягніка. Лынькоў. Подступы да Мінска немцы ахоўвалі пільна. Новікаў. З гэтага месца добра праглядаліся ўсе подступы да шалаша. Гурскі.
по́дсціл, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. падсцілаць — падаслаць 2.
2. Тое, што падаслана, падкладзена пад што‑н. Бетон згружалі на дашчаны подсціл. Хадкевіч. [Гарвась] скалупвае дзеркачом гразь з падэшваў ботаў, доўга трэ іх аб яловы подсціл і ўзнімаецца на прыступкі. Хадановіч. // Салома, сухое лісце і пад., якімі падсцілаюць жывёлу. — Саломы? — перапытала .. [Калініха]. — Паўтара цэнтнера! Ну малайчына, сынок! Подсцілу няма, парсюкі і карова хутка ў гнаі будуць плаваць. Чарнышэвіч. Пахла завялая свірэпка на дварах, яе прыносілі ад праполатых палёў на подсціл жывёле. Лупсякоў.
3. Пласт апалых лісцяў, хвоі і пад., якія пакрываюць зямлю ў лесе. Над намі зялёныя кроны высокіх дрэў, пад намі — цёплы мох і подсціл з хваінак і лісця. Гарбук.
по́дсцілка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
Тое, што і подсціл (у 2, 3 знач.). Ляжаў .. [жарэбчык] каля ясляў на мяккай саламянай подсцілцы і здзіўлена разглядаў навакольны свет. Якімовіч.
по́дуст, ‑а, М ‑сце, м.
Невялікая рачная рыба сямейства карпавых.
по́дый, ‑я, м.
Гіст. Узвышэнне ў старажытнарымскім цырку з крэсламі для імператара, сенатараў і іншых высокапастаўленых асоб.
[Лац. podium.]
по́дых, ‑у, м.
Лёгкі, слабы парыў (ветру); рух паветра. Нават лёгкі подых ветру нёс востры смалісты водар прасохлага на сонцы бярвення. Дуброўскі. Пералівалася пад подыхам ветру хвалямі густая азіміна. Шамякін. / Пра набліжэнне, наступленне чаго‑н. Было цёпла, хоць у паветры ўжо адчуваўся подых ранняй восені. Асіпенка.