Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

непадзе́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць непадзельнага.

непадзе́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не паддаецца падзелу, драбленню, распаду на часткі. Непадзельная часцінка матэрыі. Непадзельныя словазлучэнні.

2. Які не падлягае падзелу; які знаходзіцца ў агульным валоданні. Непадзельная маёмасць. Непадзельны фонд калгаса. // Які складае адзінае цэлае з кім‑, чым‑н. — Зразумей, для Косці яго работа — яго жыццё, — усхвалявана сказала Вера. — Гэтыя паняцці для яго непадзельныя. Шыцік.

3. Якога не дзеляць ні з кім; поўны, абсалютны. Непадзельнае панаванне. Непадзельная ўлада.

4. У матэматыцы — які не дзеліцца без астачы. Непадзельны лік.

непадкава́ны і непадко́ваны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не мае падкоў. Настала зіма, галалёдзіца. Непадкаваны конь і кроку не ступіць. А падкоў няма. Жычка.

2. перан. Разм. Які не атрымаў ведаў у якой‑н. галіне. [Лабановіч:] — Бяда наша, Янка, у тым, што мы непадкаваныя, невялікая наша адукацыя, каб правільна падысці і крытычна паставіцца да праграмы розных палітычных партый. Колас.

непадку́пнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць непадкупнага.

непадку́пны, ‑ая, ‑ае.

Такі, якога нельга падкупіць; чэсны. Непадкупны чалавек. □ Кароль быў непадкупны .. і яго ў брыгадзе пабойваліся. Карпаў. Памяць — гэта непадуладны і непадкупны суддзя. Кудравец. Снягоў раскінуўшы абрус, У небе дрэмлеш непадступна, Халодны, горды, непадкупны, Чаго пакрыўдзіўся, Эльбрус? Дукса. // Які ўласцівы такому чалавеку. Неўзабаве Кірылу Арлоўскаму давялося выбірацца ад брата. Тыя, хто адчуў на сабе непадкупны характар свайго старшыні, нават ўзрадаваліся. Паслядовіч.

непаднача́ленне, ‑я, н.

Нежаданне або адмаўленне падначальвацца каму‑н. Непадначаленне ўладам.

непадо́бнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць непадобнага; адсутнасць падабенства. Трымаецца [хлопец] горда, незалежна — і яго непадобнасць на другіх кідаецца ў вочы. Навуменка.

непадо́бны, ‑ая, ‑ае.

1. на каго-што, да каго-чаго і без дап. Які не мае падабенства з кім‑, чым‑н. Шабуня ляжаў на траве, непадобны на сябе. Мележ. [Салдаты] зусім былі непадобны на тых, якія займалі калісьці .. станцыю. Лынькоў.

2. Абл. Заганны, нядобры. [Аўгіня:] — Цяжка мне стала, Мартын, жыць з чалавекам, які пачаў займацца непадобнымі справамі, тапіць людзей, наводзіць паліцыю. Колас.

непадпара́дкаванне, ‑я, н.

Адмаўленне або нежаданне падпарадкавацца каму‑, чаму‑н. [Ляшчэня] абвінаваціў Паходню ў непадпарадкаванні дырэктывам, у парушэнні дзяржаўнай дысцыпліны. Хадкевіч.

непадпераза́ны і непадпяра́заны, ‑ая, ‑ае.

Без пояса; не перацягнуты ў таліі поясам. Палонны ў непадперазаным шынялі і вострай будзёнаўцы, сагнуўшыся ў нізкіх дзвярах, пераступіў парог. Брыль. Апрануты [Лескавец] быў па-летняму: картуз, лёгкі плашч-дажджавік, вузкаваты ў плячах, расшпілены, пад ім — непадпяразаная гімнасцёрка. Шамякін.