ненажэ́рны, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Такі, якога цяжка накарміць; пражэрлівы. [Валя:] — А дзе Пятро Аляксеевіч? [Марына:] — П’юць, чэрці ненажэрныя, трэці дзень без просыпу. Шамякін. Недзе ляпеча асіна, густа шамаціць чарот на возеры. Адтуль нясуцца цяжкія ўсплёскі — не даюць падрамаць рыбам ненажэрныя шчупакі. Місько. // перан. Здольны паглынуць, перапрацаваць, знішчыць і г. д. у вялікай колькасці. Васіль Малюк зноў адчыніў топку і з нейкай упартай метадычнасцю пачаў кідаць у яе ненажэрнае чэрава паліва. Васілёнак. Сухія смалістыя сцены ўвачавідкі злізваліся ненажэрным агнём. Пальчэўскі.
2. перан. Які не можа здаволіцца тым, што мае; прагны. Што ні зробяць.. [працавітыя] людзі — багатыя ўсё сабе заграбуць і яшчэ паглядаюць, ці не засталося што. Да таго ненажэрныя — страх адзін. Пальчэўскі.
неназіра́льнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць неназіральнага.
неназіра́льны, ‑ая, ‑ае.
Які не вызначаецца назіральнасцю. Неназіральны падарожнік.
неназнаро́к, прысл.
Разм. Тое, што і незнарок.
ненакры́ты, ‑ая, ‑ае.
Які не закрыты, не пакрыты чым‑н. зверху. Уздоўж пакойчыка ненакрыты даўгаваты стол, вакол стала гнутыя венскія крэслы. Мележ.
ненападзе́нне, ‑я, н.
Адмаўленне дагаворных бакоў ад якіх‑н. варожых дзеянняў у адносінах паміж сабой. Пакт аб ненападзенні.
ненарма́льнасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць і стан ненармальнага; адхіленне ад нормы.
2. Ненармальная з’ява. [Кісель:] — Дык я пытаюся ў вас, да якога часу ў нас будуць прадаўжацца такія ненармальнасці. Паслядовіч.
ненарма́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адхіленні ад нормы. Ненармальны крывяны ціск. Ненармальны сон.
2. Разм. Душэўнахворы; псіхічна неўраўнаважаны.
ненармірава́ны, ‑ая, ‑ае.
Які не падлягае нарміраванню, не вызначаецца нормай, нормамі. Ненарміраваны працоўны дзень.
ненаро́кам, прысл.
Разм. Выпадкова, ненаўмысна; незнарок. Мы стаялі ўдвух, і тугая каса Ненарокам кранула мой твар. Панчанка. — Чаму ты не жэнішся? — прыставала Лёдзя, як бы ненарокам кладучы руку на старонку падручніка, якую чытаў брат. Карпаў.