нелюдзі́м, ‑а, м.
1. Нелюдзімы чалавек. [Паходня:] — Грыняк — чысцейшай душы чалавек, хоць і здаецца нелюдзімам. Хадкевіч.
2. пераважна мн. (нелюдзі́мы, ‑аў). Вылюдкі, звяры; ворагі. Хай дзесьці точаць зубы нелюдзімы На мірны свет пагрозаю вайны, Вітай, народ вялікае Радзімы, Дзень міру, дружбы, працы і вясны! Звонак.
нелюдзі́масць, ‑і, ж.
Уласцівасць нелюдзімага; панурасць, схільнасць да адзіноты. Суседзі па пакоі скардзіліся на нелюдзімасць Рыгора Стойбы. Асіпенка.
нелюдзі́мка, ‑і, ДМ ‑мцы; Р мн. ‑мак; ж.
Жан. да нелюдзім (у 1 знач.).
нелюдзі́мы, ‑ая, ‑ае.
Які пазбягае людзей, які аддае перавагу адзіноце. Дзядзька Барыс быў нелюдзімы. Урач ведала, што жыве ён ад самай вайны адзін. Даніленка. Характар у дзеда Мацея ад прыроды быў пануры, і вяскоўцы нездарма лічылі яго нелюдзімым. Ляўданскі. // Уласцівы для такога чалавека. Нелюдзімы характар.
не́людзь, ‑я, м.
1. Нелюдзімы чалавек. [Кашырын] страціў веру ў сябе і людзей, замкнуўся ў сваю шкарлупіну, стаў нелюдзем і пачаў выпіваць. Сяргейчык. // Неадабр. Які робіць не па-людску. [Бабка:] — Сын у мяне, дзеткі, нелюдзь такі. З’ехаў з дому, пакінуў калгас, і не тое, каб мне, старой, памагаць, дык яшчэ мяне ўсю абшастаў. Скрыган.
2. пераважна мн. (не́людзі, ‑яў). Вылюдкі, звяры. [Карнікі] былі сапраўдныя нелюдзі, бо іначай не выганялі б яны на сіберны холад старых і малых. Сабаленка.
няла́скавасць і неласка́васць, ‑і, ж.
Уласцівасць няласкавага, неласкавага.
няла́скавы і неласка́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які не праяўляе ласкавасці ў абыходжанні з кім‑н.; суровы. Цяпер Зойка гаворыць добра і вучыцца някепска, але няласкавая дзяўчынка, панурая. Арабей. — Ты штось неласкавай стала да свайго паклонніка, Галіна, — сказаў Астапчык, ён быў даўно і добра знаёмы з Галінай і яе братам. Машара. // Які выяўляе суровасць, адсутнасць ласкавасці. Няласкавае абыходжанне. Няласкавы выгляд твару.
2. Няветлівы, недалікатны ў адносінах да каго‑н. Няласкавы прыём. Няласкавы гаспадар.
нялі́тасцівы і нелітасці́вы, ‑ая, ‑ае.
Які не ведае літасці; бязлітасны, жорсткі. Нялітасцівы чалавек.