Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

нейтра́л, ‑а, м.

Разм. Прыхільнік нейтралітэту, неўмяшання ў што‑н.

нейтралізава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад нейтралізаваць.

нейтралізава́цца, ‑зуецца; зак. і незак.

1. Стаць (станавіцца) нейтральным (у 1 знач.).

2. толькі незак. Зал. да нейтралізаваць.

нейтралізава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак.

1. каго-што. Зрабіць (рабіць) нейтральным (у 1, 2 знач.). Нейтралізаваць армію. Нейтралізаваць дзяржаву.

2. перан.; што. Аслабіць (аслабляць) чый‑н. уплыў, уздзеянне і пад. Нейтралізаваць халодны ўплыў.

3. што. Спец. Правесці (праводзіць) нейтралізацыю (у 2 знач.). Нейтралізаваць раствор. Нейтралізаваць кіслотнасць.

нейтраліза́цыя, ‑і, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. нейтралізаваць (у 1 знач.). Нейтралізацыя тэрыторыі.

2. Хімічная рэакцыя ўзаемадзеяння кіслот з асновамі, у выніку якой утвараюцца солі і раствор набывае нейтральны характар.

[Фр. neutralisation.]

нейтралі́зм, ‑у, м.

У палітыцы — напрамак, які адстойвае, абараняе нейтралітэт.

нейтралітэ́т, ‑у, М ‑таце, м.

1. У міжнародным праве — становішча дзяржавы, якая не прымае ўдзелу ў вайне, а ў мірны час не ўваходзіць у ваенныя блокі. Захоўваць нейтралітэт. Палітыка нейтралітэту.

2. перан. Неўмяшанне ў чые‑н. справы, барацьбу, спрэчкі і пад.

•••

Пастаянны нейтралітэт — становішча дзяржавы, якая ўзяла абавязацельства не прымаць ўдзелу ў вайне, але захоўвае права па самаабарону, а ў мірны час праводзіць міралюбівую знешнюю палітыку.

Узброены нейтралітэт — становішча дзяржавы, якая не прымае ўдзелу ў вайне, але прыняла меры для самаабароны.

[Ням. Neutralität, ад лац. neutralis — які не належыць ні таму, ні другому.]

нейтра́льнасць, ‑і, ж.

Стан і ўласцівасць нейтральнага.

нейтра́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які захоўвае нейтралітэт у адносінах да ваюючых дзяржаў. Нейтральная краіна. // Які паводле міжнароднай дагаворанасці не можа быць тэатрам ваенных дзеянняў або месцам размяшчэння войск. Нейтральныя воды. Нейтральны порт. // Нікім не занятая прастора паміж двума ваюючымі бакамі. Наша вёска знаходзілася на нічыйнай зямлі, у нейтральнай паласе. Хадкевіч. Вагон мінае памежныя слупы, праходзіць вузкую паску нейтральнай зоны і ідзе пад драўлянай аркай. Галавач.

2. перан. Які не становіцца на чый‑н. бок (у палітычнай барацьбе, спрэчках і пад.). Заняць нейтральную пазіцыю ў спрэчках. Нейтральны наглядальнік. // Уласцівы для такога чалавека. Нейтральныя паводзіны.

3. Які не мае выразных адзнак (пра святло, колер і пад.). Святло ў Рэмбрандта ніколі не бывае рассеяным і нейтральным, яно заўсёды сканцэнтраванае, мэтанакіраванае. «Беларусь».

4. Спец. Які не дае ні шчолачнай, ні кіслай рэакцыі. Нейтральны раствор.

5. Спец. Які не нясе ні адмоўнага, ні дадатнага зараду. Нейтрон з’яўляецца нейтральнай, незараджанай часцінкай. «Маладосць».

[Ад лац. neuter — ні той, ні другі.]

нейтро́н, ‑а, м.

Спец. Нестабільная электрычна нейтральная элементарная часцінка, якая разам з пратонам уваходзіць у склад атамнага ядра.

[Ад лац. neuter — ні той, ні другі.]